Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад павіншаваў індуістаў са святам Дзіпавалі

Папская рада па міжрэлігійным дыялогу скіравала пасланне да вызнаўцаў індуізма ва ўсім свеце з нагоды свята Дзіпавалі, якое будзе адзначацца сёлета 7 лістапада.

Віншавальнае пасланне ўтрымлівае заклік да супольнай дзейнасці хрысціян і індуістаў на карысць самых слабых членаў грамадства. Дакумент нагадвае аб маральным абавязку клапаціцца пра безабаронных, маргіналізаваных, хворых і бедных.

Падкрэсліваецца, што гэты абавязак вынікае з супольнай веры ў тое, што ўсе людзі з’яўляюцца Божымі стварэннямі, а значыць – братамі і сёстрамі, роўнымі ў годнасці і адказнымі адно за аднаго. Акрамя таго, “гэты абавязак вынікае з досведу нашай уласнай уразлівасці, калі самі шукаем дапамогі ў іншых”, падкрэсліваецца ў дакуменце.

Здаровае ўсведамленне нашага супольнага чалавечага стану і маральны заклік на карысць найбольш абяздоленых павінны стымуляваць нас да таго, каб заступацца за іх. Трэба зрабіць усё магчымае, каб аблегчыць іх цярпенні, абараніць іх правы і вярнуць ім годнасць. Нягледзячы на тое, што ў розных частках свету робіцца шмат, гэтыя намаганні здаюцца толькі кропляй у моры патрэб, адзначаецца ў пасланні Апостальскай Сталіцы.

У дакуменце ўтрымліваецца спасылка на сёлетняе пасланне Францішка з нагоды Сусветнага дня бедных. Падкрэсліваецца, што ўзровень цывілізаванасці кожнага грамадства вымяраецца тым, як у ім адносяцца да самых слабых членаў.

Святы Пасад заклікае індуістаў да супрацоўніцтва на карысць будавання “культуры клопату і прызнання” ў адносінах да безабаронных. Таксама і ў нашых сем’ях ніхто не павінен адчуваць сябе непажаданым, нелюбімым, забытым і адчужаным, гаворыцца ў дакуменце.

“Як вернікі, укаранёныя ў сваіх духоўных традыцыях, і як асобы, якіх турбуе дабрабыт усіх, мы можам злучыцца з вызнаўцамі іншых традыцый і ўсімі людзьмі добрай волі дзеля супольных і арганізаваных высілкаў на карысць радаснай сучаснасціі поўнай надзеі будучыні для нашых самых безабаронных братоў і сясцёр”, - адзначаецца ў пасланні.

Дзіпавалі з’яўляецца галоўным святам для індуістаў. Даслоўна яго назва азначае “шлях святла”. Падчас святкавання гэтага свята вызнаўцы індуізма запальваюць у сваіх дамах і на вуліцах гарадоў агеньчыкі, якія сімвалізуюць перамогу святла над цемрай, дабра над злом.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
01 лістапада 2018, 15:46