Кардынал: Святы Пасад захоўвае кантакты з усімі бакамі канфлікту
Нягледзячы на “турбулентнасць” ва ўлонні праваслаўя, дыялог Касцёла з Рускай Праваслаўнай Царквой не можа быць замарожаны, заявіў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.
“Нашы двухбаковыя перамовы і кантакты з Масквой, вядома, працягваюцца – як і з Канстантынопалем”, - сказаў кардынал Курт Кох у інтэрв’ю парталу katholisch.de.
Канфлікт разгарэўся вакол стварэння аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ва Украіне. На гэта даў сваю згоду Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І. Патрыярх Маскоўскі Кірыл крытыкуе гэту ідэю ў самых моцных выразах.
“Ватыкан у дадзеным пытанні застаецца нейтральным і не займае ніякай пазіцыі”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх. Ён дадаў, што Святы Пасад падтрымлівае кантакты з усімі бакамі канфлікту. У той жа час кардынал Кох прызнаў, што сітуацыя, вядома, цяжкая, паколькі Масквой былі спынены эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопалем.
14 снежня 2018, 12:57