Прызначэнні на ключавыя пасады ў Дыкастэрыі па камунікацыі
52-гадовы рымлянін Андрэа Монда, які стаў новым адказным рэдактарам “L’Osservatore Romano”, юрыст па адукацыі, супрацоўнічаў з некалькімі выданнямі, у тым ліку каталіцкімі “Avvenire” і “La Civilta Cattolica”, быў арганізатарам семінараў і культурніцкіх мерапрыемстваў, з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг.
Папярэднік Монда, Джавані Марыя Віян атрымаў ганаровы тытул дырэктара-эмерыта.
54-гадовы Андрэа Тарніелі, новы дырэктар Рэдакцыйнай дырэкцыі Дыкастэрыі па камунікацыі, вядомы ў Італіі журналіст-ватыканіст, які раней працаваў у італьянскіх Il Giornale і La Stampa.
Трэба нагадаць, што некалькі месяцаў таму, 5 ліпеня 2018 г. Пантыфік прызначыў новага кіраўніка Дыкастэрыі па камунікацыі, італьянскага журналіста Паола Руфіні, які перад гэтым кіраваў тэлеканалам італьянскага епіскапату TV2000.
У канцы чэрвеня Святы Айцец змяніў назву ўстановы з Сакратарыята на Дыкастэрыю па камунікацыі. Структура была заснавана Францішкам 27 ліпеня 2015 г. У яе кампетэнцыі знаходзіцца кіраванне ўсімі медыяструктурамі Святога Пасаду.