Сакратар Рады кардыналаў: Папа перакананы ў моцы Касцёла
Сакратар Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і рэформе Рымскай курыі ахарактарызаваў пасланне Пантыфіка як “глыбокае хрысталагічнае разважанне, заснаванае на дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen Gentium”. “Хрыстус асвятляе нас. У заключных радках першага раздзела Касцёл вызначаецца як жывая рэчаіснасць, якая ўмацоўваецца сілай уваскрэслага Пана, і менавіта ў такім ключы выказваецца Святы Айцец”, - перакананы італьянскі біскуп.
Па словах іерарха, Францішак без ваганняў выкрывае зло, якое занадта часта мае месца ў Каталіцкім Касцёле. Галоўным чынам, гаворка ідзе пра сексуальныя злоўжыванні адносна непаўналетніх, пра злоўжыванне ўладай і сумленнем, пра нявернасць пакліканню. Аднак пры гэтым Святы Айцец падкрэслівае яскравую відавочнасць усіх намаганняў па іх выкараненні.
, - заўважыў біскуп Сэмерара.
На думку іерарха, у такім стаўленні прасочваецца ігнацыянская духоўнасць і адпаведныя духоўныя практыкаванні. “Першы тыдзень духоўных практыкаванняў св. Ігнацыя Лаёлы прадугледжвае экзамен уласнага жыцця праз праверку свайго сумлення. Менавіта таму Папа аналізуе Касцёл, выяўляючы зло, якое яго мучыць. Усё гэта вядзе да ачышчэння і разважлівасці”, - патлумачыў іерарх.
Біскуп Сэмерара адзначыў таксама, што ў сваім звароце Папа не абмінуў увагай і тое станоўчае, што адбылося ў Касцёле на працягу гэтага года, у тым ліку рэформу Рымскай курыі і Сінод Біскупаў на тэму моладзі і распазнання паклікання.
Па словах італьянскага іерарха, “Сінод Біскупаў паказаў жыццёвую моц Касцёла і даў свету зразумець, што Касцёл здольны да дыялогу, асабліва з новымі пакаленнямі, якія могуць бачыцца найбольш аддаленымі ад нас”. “Як вучыць папа Францішак, сінадальнасць пачынаецца менавіта з узаемнага выслухоўвання”, - дадаў біскуп Сэмерара
Традыцыйная перадсвяточная сустрэча папы Францішка з супрацоўнікамі Рымскай курыі адбылася 21 снежня 2018 г. Падчас яе Пантыфік падзяліўся сваімі думкамі адносна станоўчых і адмоўных праяў рэчаіснасці, у якой існуе Каталіцкі Касцёл.