Купал базылікі св. Пятра Купал базылікі св. Пятра 

Святы Пасад выдаў дакумент аб зачыненых касцёлах

17 снежня 2018 г. Папская рада па культуры абнародавала інструкцыю пад назвай “Закрыццё і новае касцёльнае выкарыстанне храмаў” (La dismissione e il riuso ecclesiale di chiese).

Дакумент стаў вынікам Міжнароднай канферэнцыі пад назвай “Бог тут больш не жыве?”, якая праходзіла 29-30 лістапада 2018 г. у Папскім грыгарыянскім універсітэце. Ён была ўхвалены прадстаўнікамі епіскапатаў з розных кантынентаў.

Інструцыя складаецца з пяці радзелаў, а напрыканцы ўтрымлівае адзінаццаць рэкамендацый. Яна прадугледжвае фармацыю будучых святароў і новапрызначаных біскупаў у галіне аховы культурнай спадчыны, інвентарызацыю і каталагізацыю касцёльных культурных каштоўнасцей, удзел мясцовых касцёльных супольнасцей у праектах змены прызначэння храмаў, дыялог з дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі.

Дакумент падкрэслівае, што перавага заўсёды павінна надавацца культурным, сацыяльным і дабрачынным мэтам. У сваю чаргу выключаецца камерцыйнае выкарыстанне касцёльных каштоўнасцей.

Старшыня Папскай рады па культуры, кардынал Джанфранка Равазі, у каментары для інфармацыйнага агенцтва “SIR” заўважыў, што ў сучасную эпоху цэнтры еўрапейскіх гарадоў перастаюць быць густанаселенымі, становячыся месцамі сканцэнтравання рознага кшталту структур. У Рыме не выкарыстоўваецца больш за палову касцёлаў, якія знаходзяцца ў гістарычным цэнтры. “Але мы не можам зрабіць з іх музеі ці нешта яшчэ, бо яны маюць сімвалічнае значэнне для горада і для ўсяго свету”, - сказаў іерарх.

Паводле яго слоў, такая “высакародная” спадчына павінна быць захавана і ахоўвацца такой, якой ёсць, нават калі больш не мае літургічнага выкарыстання. У выпадку “закінутых” будынкаў ці пазбаўленых такога сімвалізму, дэсакралізацыя з’яўляецца правамернай. Тое, што заўсёды недапушчальнае – гэта апаганьванне, падкрэсліў кардынал.

“[Вернікаў не павінен абураць той факт, што гэтыя месцы празначаюцца для несакральнага выкарыстання, пры ўмове, што гэта не будзе дысаніраваць з першапачатковым прызначэннем храма: у якасці музеяў, бібліятэк, архіваў, культурных цэнтраў, месцаў сустрэчы грамадзянскай супольнасці, а таксама для дабрачынных мэтаў]”

, - сказаў кардынал Равазі.

“Я думаю пра абеды для бедных, якія праводзяцца ў базыліцы св. Эўстахія ці тыя, якія “Супольнасць св. Эгідзія” арганізуе ў базыліцы Санта-Марыя-ін-Трастэвэры з нагоды Божага Нараджэння”, - дадаў ён.

Старшыня Папскай рады па культуры зазначыў, што падобныя ініцыятывы не з’яўляюцца прафанацыяй, але хутчэй “часовай дэсакралізацыяй”, якая, тым не менш, захоўвае сувязь з літургіяй, у поўным значэнні гэтага слова. Ён нагадаў, што літургія з’яўляецца як сустрэчай з Богам, у якасці першай мэты, так і сустрэчай вернікаў паміж сабой.

“[Божы культ, абвяшчэнне Евангелля і справы міласэрнасці: у літургіі прысутнічае не толькі вертыкальнае вымярэнне, але таксама гарызантальнае. Таму, “іншае” прызначэнне, якое, аднак, тычыцца супольнасці, з’яўляецца часткай духа літургіі: гэта свайго роду пара-літургія, спаўненне літургіі ў іншай форме]”

- сказаў іерарх.

“Нарэшце св. Францішак сцвярджаў, што дазволена выкарыстоўваць касцёльныя каштоўнасці і сакральныя аб’екты для дабрачынных мэтаў. Пра гэта нагадаў таксама папа Францішак, у пасланні, якое скіраваў з нагоды канферэнцыі”, - дадаў ён.

Гаворачы пра ўнутранае ўбранне касцёлаў, кардынал Равазі зазначыў, што ў выпадку закрыцця храма, яно павінна быць перанесена ў іншы або захоўвацца ў музеі. Іншы падыход тычыцца алтароў, якія нават пасля дэсакралізацыі касцёла не губляюць свайго прызначэння і асвячэння. Інструкцыя Кангрэгацыі па справах духавенства ад 2013 г., якая тычыцца змены выкарыстання храмаў, пастанаўляе, што калі няма магчымасці перанесці алтар у іншы касцёл, ён павінен быць знішчаны, нагадаў старшыня Папскай рады па культуры.
 

17 снежня 2018, 12:00