Дзяржсакратар перад СДМ: моладзь паклікана змяняць свет
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца нагадаў, што самы буйны каталіцкі моладзевы форум адбудзецца праз некалькі месяцаў пасля завяршэння яшчэ адной важнай падзеі, прысвечанай моладзі – Сінода Біскупаў, які праходзіў у Ватыкане ў кастрычніку 2018 г. Паводле яго, сустрэча ў Панаме стане цудоўным працягам сінадальнай асамблеі.
Кардынал Дзяржсакратар заўважыў, што Сусветныя дні моладзі пройдуць у рэгіёне, пазначаным вялікай колькасцю грамадскіх, эканамічных і палітычных праблем, сярод якіх міграцыя, насілле і дзейнасць гандляроў наркотыкамі. “Жывучы ў такой складанай рэчаіснасці, моладзь патрабуе надзеі. Яна павінна паверыць у сябе і ў тое, што разам з Хрыстом зможа змяніць свет”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.
“Я перакананы, што лепшы спосаб змяніць свет, калі моладзь становіцца евангелізатарамі для сваіх аднагодак. Я хацеў бы, каб кожны ўдзельнік сустрэчы ў Панаме, якая пройдзе на вельмі маладым кантыненце, вярнуўся дамоў з моцнай пастановай сведчыць аб Евангеллі не толькі словамі, але, перш за ўсё, жыццём. Сама моладзь павінна евангелізаваць моладзь. Яна мае лепшыя магчымасці ўплыву на сваіх аднагодак, асабліва тых, якія не маюць з Касцёлам ніякіх пунктаў сутыкнення. Сведчанне моладзі можа быць пераканаўчым, бо яна раздзяляе са сваімі аднагодкамі не толькі ўзрост, але і культуру, мары, усё тое, што характарызуе маладое пакаленне”, - лічыць кардынал Паралін.
Дзяржсакратар зазначыў, што ў Сусветных днях моладзі будзе прымаць удзел вялікая колькасць прадстаўнікоў карэнных народаў Лацінскай Амерыкі. Вельмі часта гэтыя людзі сустракаюцца з пагардай і ўспрымаюцца як менш каштоўная частка грамадства, што асуджае іх на маргіналізацыю.
“Я хацеў бы пажадаць гэтым маладым людзям не саромецца таго, кім яны з’яўляюцца, але ганарыцца. Ад іх варта павучыцца стылю жыцця, заснаванаму на моцных адносінах, менш засяроджанаму на тым, каб “мець”, і больш, на тым, каб “быць”, - падкрэсліў кардынал Паралін.
XXXIV Сусветныя дні моладзі будуць праходзіць у Панаме з 22 па 27 студзеня 2019 г. Чакаецца, што ўдзел у іх прымуць каля 300 тыс. чалавек з 155 краін. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі 27 удзельнікаў.