Святы Пасад прадставіў сваю афіцыйную каманду па лёгкай атлетыцы
Па дамове з Алімпійскім камітэтам Італіі, каманда стала часткай італьянскай лёгкаатлетычнай федэрацыі. Гэта дае доступ да ўдзелу ў афіцыйных спаборніцтвах, медыцынскага і трэнерскага рэсурсаў. У бліжэйшых планах у лёгкаатлетаў удзел у Гульнях малых дзяржаў Еўропы і ў Міжземнаморскіх гульнях.
Зараз у каманду ўваходзяць каля 60 чалавек, сярод якіх святары, гвардзейцы, адміністрацыйныя работнікі, у тым ліку 62-гадовы супрацоўнік Апостальскай бібліятэкі. На прэзентацыі яны прысутнічалі ў цёмна-сініх спартыўных касцюмах з гербам Святога Пасаду.
Каманда створана ў рамках агульнай палітыкі Святога Пасаду па прасоўванні спорту як спосабу дыялогу і шляху да дасягнення міру і салідарнасці. Галоўным яе прыярытэтам будзе ўдзел у спаборніцтвах, якія маюць культурнае і сімвалічнае значэнне, а не дасягненне высокіх вынікаў.
Старшыня каманды, мансеньёр Мельхіёр Санчэс дэ Тока-і-Аламеда, з Папскай рады па культуры, адзначыў, што ў Ватыкане заўсёды марылі ўбачыць сцяг Святога Пасаду на адкрыцці Алімпійскіх Гульняў.
У будучыні ватыканская зборная плануе ўступіць у Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ).