Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Ватыканскі эксперт: дыялог з Кітаем – на карысць Касцёлу

Францішак агучыў мэту Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і КНР па прызначэнні біскупаў у Кітаі. На гэта звярнуў увагу Андрэа Тарніелі, кіраўнік праграмнай дырэкцыі Дыкастэрыі па камунікацыі.

Эксперт пракаментаваў прамову Папы падчас сустрэчы з членамі дыпламатычнага корпуса, якая прайшла ў Ватыкане 7 верасня 2019 г.

Паводле Тарніелі, словы Пантыфіка пра Пагадненне з Кітаем важныя, паколькі яшчэ раз падкрэсліваюць намер, з якім Святы Пасад на працягу многіх гадоў вёў “доўгі і разважлівы інстытуцыйны дыялог”. Яго першым значным вынікам стаў менавіта дакумент, падпісаны 22 верасня 2018 г. у Пекіне.

“Апошнія Пантыфікі і іх супрацоўнікі прыкладалі намаганні ў гэтай сферы не ў палітычных ці дыпламатычных мэтах, але дзеля еднасці Каталіцкага Касцёла ў Кітаі і адзінства паміж кітайскімі біскупамі і Наступнікам св. Пятра, дзеля забеспячэння наяўнасці элементаў, важных для жыцця каталіцкай супольнасці”, - заўважыў эксперт.

Францішак нагадаў дыпламатычнаму корпусу, што яшчэ раней ён вярнуў у поўную касцёльную еднасць апошніх з так званых “афіцыйных” біскупаў, што атрымалі сакру без папскага мандату, “заклікаючы іх шчыра працаваць на карысць прымірэння кітайскіх католікаў і абноўленага евангелізацыйнага запалу”.

“Упершыню пасля многіх гадоў усе пастыры Каталіцкага Касцёла ў Кітаі знаходзяцца ў поўнай еднасці з Біскупам Рыма. Значным знакам гэтай поўнай еднасці стаў удзел двух біскупаў з Кантынентальнага Кітая ў Сінодзе, прысвечаным моладзі”, - заўважыў супрацоўнік Дыкастэрыі па камунікацыі.

Андрэа Тарніелі таксама падкрэсліў важнасць апошніх радкоў параграфа прамовы Папы, прысвечанага Кітаю, у якім выказваецца спадзяванне, што далейшыя кантакты, звязаныя з ажыццяўленнем Часовага пагаднення, паспрыяюць вырашэнню “адкрытых пытанняў” і створаць неабходныя ўмовы для сапраўднай рэлігійнай свабоды.

Паводле эксперта, сярод такіх “далікатных пытанняў”, якія патрабуюць далейшай працы, сітуацыя так званых “падпольных” біскупаў, прызначаных Пантыфікам, але не прызнаных кітайскімі ўладамі. Гэта дзейнасць, нагадаў Тарніелі, патрабуе высілкаў Апостальскай Сталіцы і мае на мэце еднасць Касцёла і магчымасць вызнаваць сваю веру ў поўнай еднасці з Папам для мільёнаў кітайскіх грамадзян-католікаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 студзеня 2019, 14:56