Ватыканскі медыя-эксперт пра ліст Папы да біскупаў ЗША
Ватыканскі медыя-эксперт зазначыў, што ў сваім лісце Пантыфік указвае шлях для ўсяго Касцёла і прапануе ключ да разумення свайго погляду на крызіс, выкліканы злоўжываннямі, у тым ліку ў святле лютаўскай сустрэчы ў Ватыкане.
Тарніелі нагадаў, што Папа шырока, рашуча і цвёрда выказаўся на гэту тэму ў прамове да Рымскай курыі, з прадстаўнікамі якой сустрэўся напярэдадні Божага Нараджэння. Зараз, у пасланні да біскупаў Злучаных Штатаў, ён не ўваходзіць у дэталі феномена злоўжывання ўладай, сумленнем і сексуальных злоўжыванняў, але глядзіць у корань праблемы, указваючы шлях яе рашэння.
“Давер да Касцёла – ячшэ раз прызнае Папа, – быў моцна падарваны і пастаўлены пад сумнеў гэтымі грахамі і злачынствамі, але асабліва жаданнем іх замаскіраваць і схаваць”. “Але менавіта ў прапанаваным адказе варта шукаць галоўнае пасланне гэтага ліста. Францішак перасцерагае ад залішняга спадзявання на дзеянні, якія здаюцца “карыснымі, добрымі і неабходнымі”, і нават “справядлівымі”, але ў якіх няма “смаку Евангелля”, калі яны імкнуцца абмежаваць адказ на няшчасце праблемай арганізацыйнага характару”, - напісаў Андрэа Тарніелі.
Паводле яго слоў, Касцёл не заўсёды мае “смак Евангелля”, калі ператвараецца ў “агенцтва чалавечых рэсурсаў”, што пакладае надзею толькі на стратэгіі, структуры і “best practice” прадпрыемстваў, не давяраючы, у першую чаргу, прысутнасці Таго, Хто ўжо дзве тысячы гадоў вядзе яго збаўчай сілай ласкі, маўклівым і штодзённым дзеяннем Святога Духа.
“Ужо некалькі гадоў таму Пантыфікі ўвялі больш адпаведныя і строгія правілы з мэтай супрацьдзеяння феномену злоўжыванняў: іншыя ўказанні будуць распрацаваны на калегіяльнай сустрэчы біскупаў усяго свету ў еднасці з Папам. Але сродак можа аказацца неэфектыўным, калі не будзе суправаджацца “пераменай нашага спосабу мыслення (метаноя), малітвы, кіравання грашыма і ўладай, ажыцяўлення аўтарытэта, а таксама нашых адносін адно да аднаго і да свету”, - напісаў ватыканскі медыя-эксперт.
“Давер нельга аднавіць маркетынгавымі стратэгіямі. Ён можа быць плёнам Касцёла, які ўмее пераадольваць падзелы і ўнутраныя супрацьстаянні; Касцёла, дзейнасць якога паходзіць ад адлюстравання святла, што належыць не яму, але якое яму няспынна дорыцца. Гэты Касцёл не абвяшчае самога сябе і сваю кампетэнтнасць, але складаецца з пастыраў і вернікаў, якія, як сцвярджае Папа, прызнаюць сябе грэшнікамі і заклікаюць да навяртання, бо на сябе спазналі і спазнаюць прабачэнне і міласэрнасць”, - завяршыў каментар Андрэа Тарніелі.