90 гадоў Латэранскіх пагадненняў і стварэння Дзяржавы Ватыкан
Ратыфікаваны 7 чэрвеня 1929 г. дакумент забяспечыў прызнанне Італьянскім Каралеўствам уласнасці і выключнага суверэнітэту Святога Пасада на вызначанай тэрыторыі.
Тэрмін “Святы Пасад” шырэйшы за “Горад-Дзяржава Ватыкан” і адносіцца да Біскупа Рыма як вышэйшай улады ў Касцёле і галавы Калегіі біскупаў. Гэты тэрмін адносіцца таксама да Дзяржаўнага сакратарыята і розных дыкастэрый Рымскай курыі, якія падтрымліваюць Папу ў яго кіраўнічай місіі. Святы Пасад з’яўляецца юрыдычнай асобай у кантэксце міжнароднага права, падпісвае дамовы, прызначае і прымае дыпламатычных прадстаўнікоў.
Дзяржава Ватыкан з’яўляецца інструментам незалежнасці Святога Пасада і Каталіцкага Касцёла ад любой свецкай улады, што дазваляе Пантыфіку свабодна выконваць служэнне кіравання Паўсюдным Касцёлам. Як і Святы Пасад, Ватыкан з’яўляецца суб’ектам міжнароднага права. Іх звязвае асоба Святога Айца.