Кардынал Дзяржсакратар: Эміраты – мост паміж Усходам і Захадам
Паводле Дзяржсакратара Яго Святасці, Францішак шле ўсім лідарам і паслядоўнікам розных рэлігій запрашэнне да агульнай працы на карысць адзінства, міру і гармоніі ў свеце. Ён заахвочвае знайсці карані нашага братэрства і заняць цвёрдую пазіцыю супраць усіх форм фундаменталізму і радыкалізму, якія прыводзяць да канфліктаў і варожасці.
Кардынал Паралін заўважыў, што Рымскі Пантыфік упершыню ступіў на зямлю Аравійскага паўвострава, каб адкрыць новую главу ў гісторыі адносін паміж рэлігіямі. “Я перакананы, што міжрэлігійная сустрэча будзе мець прынцыповае значэнне, таму што яшчэ раз розныя рэлігіі збіраюцца разам, каб пацвердзіць пасланне ўсеагульнага братэрства. Мы ўсе браты, у нас тая ж годнасць, мы маем адны і тыя ж правы і абавязкі, мы дзеці аднаго Айца, Які ў нябёсах. Гаворка ідзе аб пошуку каранёў нашага братэрства, якое вынікае з нашай прыналежнасці да адной чалавечай сям’і”, - сказаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.
Вельмі важным момантам Апостальскага візіту стала св. Імша, якую Папа ўзначаліў у Абу-Дабі. Кардынал Паралін адзначыў, што ў Эміратах жывуць шматлікія хрысціяне. Яны прыехалі з розных краін свету, паколькі тут знайшлі магчымасці працы.
“Спадзяёмся, што хрысціяне, якія тут прысутнічаюць, змогуць унесці свой уклад у пабудову мясцовага грамадства, і ў больш агульным плане, у мір і паяднанне ў свеце”, - заўважыў іерарх.
“Нашым братам і сёстрам, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі і ахвяруюць сабой, каб магчы вызнаваць сваю веру, я хачу сказаць, што мы блізкія да іх, што адчуваем духоўную сувязь глыбокага хрысціянскага братэрства і робім усё, каб дапамагчы, выкарыстоўваючы любыя сродкі, якія маем у наяўнасці”, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.