Бэнэдыкт XVI: ля вытокаў сведчання веры стаіць малітва
11 лютага 2019 г. мінула дакладна шэсць гадоў з дня, калі навіна аб намеры пакінуць Пятровае служэнне па прычынах здароўя і сталага ўзросту прагрымела на ўвесь свет.
Папа на пенсіі працягвае сваю місію, хоць і іншым чынам, але па-ранейшаму плённа і эфектыўна: жыццём, прысвечаным бесперапыннай малітве за Святога Айца Францішка, за Касцёл і Божы народ.
Пра важнасць малітвы Бэнэдыкт XVI нагадваў пастаянна на працягу свайго пантыфікату. Адна з запамінальных прамоў на гэтую тэму прагучала 8 жніўня 2012 г., падчас агульнай аўдыенцыі, прысвечанай катэхізацыі на ўзор св. Дамініка, заснавальніка Ордэна Дамініканаў. Тады Бэнэдыкт XVI пералічыў дзевяць спосабаў маліцца, якія практыкаваў св. Дамінік. Сярод іх – асабістая медытацыя, падчас якой малітва набывала асабліва інтымны, палкі і засяроджаны характар.
“Пасля Літургіі Гадзін і Эўхарыстыі св. Дамінік працягваў размову з Богам, не абмяжоўваючы сябе ў часе. Седзячы ў спакойным стане, ён збіраўся з думкамі, засяроджаны на слуханні, чытаючы Святое Пісанне або сузіраючы распяцце. (...) Такім чынам, ён праецыраваў на сябе рэчаіснасць веры”, - тлумачыў Бэнэдыкт XVI.
Іншы спосаб захавання кантакту з Богам – гэта малітва падчас падарожжаў. Перамяшчаючыся з аднаго кляштара да другога, св. Дамінік чытаў Нешпары і малітвы праслаўлення, хвалячы Бога за прыгажосць усяго наваколля. “У такія моманты з яго сэрца лілася песня хвалы і падзякі Богу за шматлікія дары, асабліва за найвялікшы цуд – адкупленне, здзейсненае Езусам Хрыстом”, - казаў ён удзельнікам той аўдыенцыі.
“Ля вытокаў сведчання веры, якое кожны хрысціянін павінен даваць у сям’і, на працы, у сваіх грамадскіх намаганнях, а таксама ў моманты адпачынку, стаіць малітва, асабісты кантакт з Богам. Толькі такія рэальныя стасункі з Богам даюць сілы, каб насычана пражываць кожнае здарэнне, асабліва найбольш пакутныя моманты”, - навучаў Бэнэдыкт XVI. І да сённяшняга дня ён сам працягвае даваць асабістае сведчанне такога стаўлення да духоўнага жыцця.
Нагадаем, што аб сваім рашэнні сысці з пасады Біскупа Рыма Бэнэдыкта XVI паведаміў 11 лютага 2013 г. Праз месяц, 13 сакавіка, на Пасад св. Пятра быў абраны Францішак.