Падчас сустрэчы Рады кардыналаў Падчас сустрэчы Рады кардыналаў 

Ватыкан: ідзе дапрацоўка тэксту новай Апостальскай канстытуцыі

Францішак на працягу апошніх трох дзён прымаў удзел у працы Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і рэформе Рымскай курыі, паведаміла 20 лютага Зала Друку.

Праца ў асноўным тычылася ўнясення паправак у тэкст новай Апостальскай канстытуцыі пад працоўнай назвай “Praedicate evangelium” і рэфлексіі над гэтым важным для функцыянавання Рымскай курыі дакументам. У прыватнасці, кардыналы займаліся стылістычны пераглядам і пераасэнсаваннем тэксту з пункту гледжання Кананічнага права. Усё гэта – з улікам прынцыпу сінадальнасці, вызначаным Святым Айцом.

Было вырашана правесці кансультацыі на тэму дакумента з нацыянальнымі Канферэнцыямі Біскупаў, Сінодамі Усходніх Цэркваў, ведамствамі Рымскай курыі, канферэнцыямі вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцей і некаторымі папскімі ВНУ.

Перад Радай выступіў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, мадэратар сустрэчы “Абарона непаўналетніх у Касцёле”, якая будзе праходзіць у Ватыкане на гэтым тыдні. Гаворка ішла пра важнасць саміту для намаганняў “рабіць Касцёл усё больш і больш бяспечным домам для дзяцей і падлеткаў”.

Не засталася без увагі і тэма пазбаўлення духоўнага сану былога арцыбіскупа Вашынгтонскага Тэадора МакКарыка.

Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў адбудзецца 8-10 красавіка 2019 г. у Ватыкане.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 лютага 2019, 14:25