Старшыня Папскай рады па культуры пра дыяканат жанчын
У інтэрв’ю нямецкай KNA, прымеркаванаму да прызначэння новага складу каманды жанчын-дарадцаў ватыканскай дыкастэрыі, іерарх адзначыў, што дазваляе сабе разглядаць магчымасць дыяканату жанчын, аднак, нагадаў, што дыскусія аб ролі жанчын у Касцёле павінна выглядаць інакш.
“Я думаю, што акцэнт на святарстве жанчын, гэта падыход клерыкальны. Чаму б не пачаць размовы з іншых вельмі важных функцый жанчын у Касцёле? Напрыклад, вядзенне парафіі з структурнага боку, у сферы катэхізацыі, валанцёрства, фінансаў, планавання, архітэктурнага праектавання. Чаму не аддаць гэта ў рукі жанчын? Таксама ў Ватыкане, у тым ліку і на высокіх пасадах, прысутнасць жанчын можа быць большай”, - сказаў ватыканскі іерарх.
Кансультатыўная група жанчын у Папскай радзе па культуры існуе з 2015 г. 24 лютага 2019 г. быў абвешчаны яе новы склад на 2019-2021 гады.