Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Жаночы дадатак да “L’Osservatore” будзе па-ранейшаму выходзіць

Штомесячны дадатак да “L’Osservatore Romano”, пад назвай “Жанчына Касцёл Свет”, па-ранейшаму будзе выходзіць. У гэтым запэўніў галоўны рэдактар ватыканскай газеты.

Пракаментаваць сітуацыю Андрэа Монда быў вымушаны пасля заявы стваральніцы журнала Лючэты Скарафіі і яе каманды завяршыць супрацоўніцтва з “L’Osservatore Romano”. Рэдактар абгрунтавала сваё рашэнне “атмасферай недаверу і паступовай дыскрэдытацыяй”. Аб гэтым яна напісала ў лісце да Францішка.

У адказ Монда прызнаўся, што заўсёды запэўніваў Скарафію і яе каманду ў поўнай аўтаноміі і свабодзе, што характарызавала стварэнне дадатку з моманту яго стварэння сем гадоў таму. Новы галоўны рэдактар устрымліваўся ад умяшання ў працу калектыву жаночага журнала, абмяжоўваючыся выключна да рэалізацыі абавязку прапанаваць магчымыя тэмы і аўтараў, пакідаючы права канчатковага рашэння за Скарафіяй і рэдакцыяй.

Дзякуючы журналістцы за сем гадоў працы, Андрэа Монда падкрэсліў, што гісторыя жаночага выдання “не перарываецца, але працягваецца” – без усялякага клерыкалізму.

52-гадовы рымлянін Андрэа Монда стаў новым адказным рэдактарам “L’Osservatore Romano” у снежні 2018 г. Ён, юрыст па адукацыі, раней супрацоўнічаў з некалькімі выданнямі, у тым ліку каталіцкімі “Avvenire” і “La Civilta Cattolica”, быў арганізатарам семінараў і культурніцкіх мерапрыемстваў, з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг.

Лючэту Скарафію запрасіў стаць стваральніцай і рэдактарам дадатку “Жанчына Касцёл Свет” папярэдні галоўны рэдактар “L’Osservatore” Джавані Марыя Віян.

27 сакавіка 2019, 11:42