Папа запрасіў у Ватыкан бакі паўднёвасуданскага канфлікту
Прэзідэнт Паўднёвага Судана Сальваторэ Кіір і лідэр апазіцыі, былы віцэ-прэзідэнт Рыек Машар сустрэнуцца 9 красавіка 2019 г. у Ватыкане па запрашэнні Пантыфіка, які вырашыў падтрымаць ажыццяўленне мірнага пагаднення, падпісанага ў жніўні 2018 г. Гаворка ідзе пра канчатковае спыненне грамадзянскай вайны ў самай маладой краіне свету, створанай у 2011 г., і пра падтрымку міра ў гэтым рэгіёне Афрыкі.
Абодва лідары пацвердзілі, што атрымалі запрашэнне ад Францішка і выказалі гатоўнасць прыняць удзел у ватыканскай сустрэчы. У выпадку Машара, які знаходзіцца пад хатнім арыштам у Хартуме, сталіцы Судана, паездка залежыць ад рашэння Міжнароднага органа па пытаннях развіцця, які з’яўляецца пасярэднікам у паўднёвасуданскай вайне.
Сустрэча двух лідараў павінна паспрыяць “павышэнню даверу” паміж імі перад стварэннем новага пераходнага ўрада, у які павінны ўвайсці прадстаўнікі абодвух бакоў канфлікту.