Пошук

Айцец Раньера Канталамеса Айцец Раньера Канталамеса 

Папскі прапаведнік: на крыжы Бог паказаў сваю прыроду

На крыжы адбылося найвышэйшае аб’яўленне любові Бога да людзей, нагадаў прапаведнік Папскага дома падчас апошняга велікапоснага казання для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі.

Медытацыя прагучала раніцай 12 красавіка 2019 г. у капліцы “Redemptoris Mater” ватыканскага Апостальскага палацу. Падчас яе айцец Раньера Канталамеса звярнуў увагу на тое, што свет не здолеў распазнаць Бога ў велічы і мудрасці стварэння, таму Ён вырашыў аб’явіцца адваротным чынам, “праз бяссілле і неразумнасць крыжа”.

“[Ён – магутнасць, але аб’яўляецца ў бяссіллі. Ён – мудрасць, але аб’яўляецца ў неразумнасці. Ён – хвала, але аб’яўляецца ў ганьбе. Ён – багацце, але аб’яўляецца ў беднасці]”

, - сказаў прапаведнік.

Капуцын зазначыў, што на крыжы Бог аб’явіўся цалкам адваротным чынам, у параўнанні з тым, што пра Яго думалі людзьмі. “У пэўным сэнсе, толькі тады, на крыжы, Бог аб’явіўся “паводле роду свайго”, аб’явіўся ў тым, што Яму ўласціва”, - дадаў ён.

Паводле прапаведніка, людзі інстынктыўна шукаюць Бога ў магутнасці, але Евангелле паказвае, што “сапраўдная ўсемагутнасць – гэта поўнае бяссілле Кальварыі”.

“[Не трэба мець вялікай сілы, каб выставіць сябе на паказ, але трэба мець вялікую сілу, каб адыйсці ў бок, каб знікнуць. Хрысціянскі Бог – гэта бязмежная здольнасць схавання сябе!]”

, - сказаў манах.

Айцец Канталамеса заўважыў, што прырода любові – гэта пакора. “Гэта можна ўбачыць, калі паміж дзвюма асобамі ўзнікае каханне. Калі малады чалавек, згодна з традыцыяй, становіцца на калена перад сваёй дзяўчынай, просячы яе рукі, ён робіць самы радыкальны чын пакоры ў сваім жыцці, становіцца жабраком. Ён нібыта кажа: “Мне не дастаткова толькі сябе самога. Каб жыць, мне патрэбна ты”, - заўважыў прапаведнік.

“[Галоўная розніца, аднак, у тым, што залежнасць Бога ад сваіх стварэнняў, нараджаецца выключна з любові, якую Ён мае да іх, а тая, што існуе паміж стварэннямі, нараджаецца з патрэбы, якую яны маюць адно ў адным]”

, -  дадаў ён.

У апошняй частцы свайго казання капуцын падкрэсліў, што “нашым адказам перад абліччам таямніцы”, якую літургія дапамагае перажыць на працягу Вялікага тыдня, з’яўляецца вера, праз якую прымаем тое, што Езус здабыў для нас – вера, якая “крадзе” Божае Валадарства.

Манах заклікаў скінуць з сябе аддзенне старога чалавека, якім з’яўляецца грахі і мізэрнасць, і апрануцца ў справядлівасць, якую Хрыстус здабыў для нас. Трэба пачаць наследаваць Езуса ў жыцці, нясучы крыж адзін аднаго, цярпечы разам з бліжнімі, церпячы за Бога і Касцёл і чэрпаючы сілы ў веры і сакрамэнтах.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 красавіка 2019, 10:40