Ватыканскі кардынал: прыярытэт у справе мучаніцтва кс. Амэля
Дакументы, падрыхтаваныя падчас дыяцэзіяльнай фазы беатыфікацыйнага працэсу, налічваюць каля 11,5 тыс. старонак. Францішак выказаў згоду на яго распачацце прыблізна праз дзесяць месяцаў пасля смерці 86-гадовага святара. Ён падкрэсліў, што кс. Амэль з’яўляецца мучанікам.
Дыяцэзіяльная фаза беатыфікацыйнага працэсу стала адной з самых хуткіх у гісторыі. У яе рамках адбылося 66 пасяджэнняў, падчас якіх былі заслуханы сведкі смерці святара, парафіяне, жыхары кварталу, дзе ён служыў, і яго родныя.
Прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі, кардынал Анджэла Бэчу зазначыў, што на беатыфікацыйны працэс кс. Амэля будзе звернута асаблівая ўвага. “Вядома, патрэбны час для завяршэння працэсу, але ён будзе прыярытэтным у нашай працы, тым больш, што Святы Айцец пажадаў плённага заканчэння працэсу”, - падкрэсліў высокі ватыканскі іерарх.
Раніцай, 26 ліпеня 2016 г. двое ісламскіх фундаменталістаў уварваліся ў касцёл горада Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ падчас св. Імшы і забілі мясцовага пробашча, кс. Жака Амэля. Яшчэ некалькі асоб былі сур’ёзна паранены.