Новы прадстаўнік Англіканскай Царквы пры Святым Пасадзе
64-гадовы Эрнэст з 2001 г. узначальвае англіканскую супольнасць Маўрыкія, астраўной дзяржавы ва Усходняй Афрыцы. Адначасова, з 2006 г. па 2017 г., быў прадстаяцелем Правінцыі Індыйскага Акіяна. Сваю пасаду ў Рыме іерарх павінен заняць пасля вераснёўскага візіту Францішка на Маўрыкій.
Трэба адзначыць, што архіепіскап Джэральд Джэймс Ян Эрнэст працуе ў цесным супрацоўніцтве з каталіцкім біскупам Порт-Луі, сталіцы Маўрыкія, кардыналам Марысам П’я. Неаднаразова іерархі агучвалі сумесную пазіцыю па сацыяльным і экалагічным пытанням, а таксама разам прамаўлялі тэле-пасланне на Божае Нараджэнне. У дзяцінстве Эрнэст хадзіў у каталіцкую школу, а падчас падрыхтоўкі да ардынацыі ў Англіканскай Царкве наведваў лекцыі ў каталіцкай духоўнай семінарыі.
Пасада кіраўніка Англіканскага цэнтра ў Рыме і асабістага прадстаўніка Архіепіскапа Кентэрберыйскага пры Святым Пасадзе заставалася вакантнай з снежня 2018 г.