Новы старшыня Папскай рады пра прыярытэты міжрэлігійнага дыялогу
Біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот, іспанскі камбаніянін, лічыць, што яшчэ адным выклікам з’яўляецца абарона жыцця ад тэрарызму, асабліва ў тых месцах, дзе вернікі проста хочуць праслаўляць Бога, а замест гэтага, іх жорстка забіваюць.
“Акрамя таго, рэлігіі павінны больш цесна супрацоўнічаць у мэтах забеспячэння міру ва ўсім свеце”, - звярнуў увагу іерарх. Ён адзначыў, што гэта галоўная інтэнцыя сумеснай дэкларацыі аб “чалавечым братэрстве”, абвешчанай у Абу-Дабі ў пачатку лютага папам Францішкам і Вялікім імамам Аль-Таебам. Трэба, каб змест заявы быў больш вядомы і рэалізаваўся на практыцы.
Новы старшыня нагадаў думку свайго папярэдніка, кардынала Жан-Луі Тарана, памерлага ў ліпені 2018 г., які казаў пра “шок невуцтва”, калі вернікі не ведаюць аб значэнні і змесце сваёй уласнай рэлігіі. Біскуп Аюса сказаў, што менавіта па гэтай прычыне Сусветная Рада Цэркваў і Святы Пасад на мінулым тыдні ў Жэневе агучылі сумесную заяву па рэлігійным выхаванні ў духу міру.
25 мая 2019 г. Святы Айцец прызначыў старшынёй Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу 67-гадовага біскупа Мігеля Анхеля Аюса Гішота, дагэтуль сакратар гэтай ватыканскай дыкастэрыі.