Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад агучыў тэму наступнай Сусветнай сустрэчы сем’яў

“Любоў у сям’і – пакліканне і шлях да святасці”, - так гучыць тэма наступнай Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая пройдзе з 23 па 27 чэрвеня 2021 г. у Рыме. Яе агучылі 17 мая 2019 г. у Ватыкане.

Тэму абраў Святы Айцец. Ён жадаў падкрэсліць глыбокае і збаўчае значэнне сямейных адносін у паўсядзённым жыцці. У сужэнскай і сямейнай любові раскрываецца каштоўны дар жыцця разам, дзе камунія супрацьстаіць культуры індывідуалізма, спажывальніцтва і адчужэння. “Эстэтычны досвед любові выяўляецца ў такім позірку, які захапляецца другой асобай як мэтай самой па сабе”, і ў той жа час прызнае ў іншых людзях іх святую сямейную ідэнтычнасць як мужа, жонкі, бацькі, маці, сына, дачкі, дзядулі і бабулі, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Святога Пасаду.

Сужэнства і сям’я фарміруюць досвед любові, дэманструюць вялікае значэнне чалавечых адносін, у якіх падзяляюцца радасці і барацьба, а паўсядзённае жыццё вядзе ў кірунку сустрэчы з Богам. Гэта падарожжа, калі пражываецца з вернасцю і сталасцю, умацоўвае любоў і рэалізуе пакліканне да святасці. У гэтым сэнсе хрысціянская сямейнае жыццё з’яўляецца пакліканнем і шляхам да святасці, выразам самага цудоўнага ў Касцёле, тлумачыцца ў паведамленні.

Рымская Сусветная сустрэча сем’яў стане ўжо дзясятай па ліку і пройдзе праз амаль 30 гадоў пасля першага форуму, скліканага св. Янам Паўлам II. Ён праходзіў у кастрычніку 1994 г. у Рыме на тэму “Сям’я – сэрца цывілізацыі любові”. Праз тры гады – у кастрычніку 1997 г. – Сустрэча пад дэвізам “Сям’я – дар і адказнасць, надзея чалавецтва” адбылася ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра, а яшчэ праз тры гады ў Рыме – на тэму “Дзеці – вясна сям’і і грамадства”. Апошні сямейны форум падчас пантыфікату Яна Паўла II прайшоў у 2003 г. у філіпінскай Маніле. Ён быў прысвечаны хрысціянскай сям’і, як Добрай навіне для трэцяга тысячагоддзя.

Сусветная сустрэча 2006 г. адбылася ў іспанскай Валенсіі ўжо падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI. На форуме, які прайшоў у студзені 2009 г. у Мехіка, Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу на сям’ю, як на месца фарміравання чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцей. На Сустрэчы ў Мілане летам 2012 г. на тэму “Сям'я, праца і свята” Папа, між іншым, закрануў праблемы сем’яў, якія пакутуюць ад разводаў.

Першы глабальны сямейны сход падчас пантыфікату Францішка прайшоў у 2015 г. у Філадэльфіі. Тады Пантыфік заклікаў сям’і працягваць быць прароцтвам міру, пяшчоты і любові для зраненага чалавецтва. Сустрэча сем’яў у Дубліне ў 2018 г., па словах Пантыфіка, стала сапраўдным прароцкім досведам.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 мая 2019, 11:39