Святы Пасад: глабальнае пацяпленне – маральны і рэлігійны выклік
Дакумент быў скіраваны да сусветнай навуковай супольнасці 24 мая 2019 г. – у чацвёртую гадавіну энцыклікі Францішка “Laudato si’”, прысвечанай клопату пра супольны дом.
Адзначаецца, што напісаць энкцыкліку Папу пабудзіла “дэфармацыя ў свеце, у якім мы жывём” (LS 163), а таксама жаданне “ўвайсці ў дыялог з усімі, адносна нашага супольнага дому”. Пантыфік хацеў падтрымаць працу Канферэнцыі па клімаце ў Парыжы, вынікам якой стала адмысловая Дамова. У ёй гаворыцца пра неабходнасць прыкласці намаганні для абмежавання росту тэмпературы на планеце да 1,5°С.
Крызіс дагэтуль працягвацца і мы яшчэ знаходзімся ў тым “дзесяцігоддзі”, якое ў Парыжы было вызначана, як самы крайні тэрмін для стрымання глабальнага пацяплення. Такім чынам, парог у 1,5°С – гэта нешта большае, чым проста “фізічны парог”, падкрэсліваецца ў пасланні.
Паводле Апостальскай Сталіцы, гаворка ідзе таксама пра “маральны парог”, бо мы маем апошнюю магчымасць выратаваць найслабейшыя краіны і людзей, якія пражываюць ля ўзбярэжжаў.
“Як супольны досвед штодзённага жыцця, так і навуковыя даследаванні паказваюць, што самыя сур’ёзныя вынікі ўсіх злачынстваў супраць навакольнага асяроддзя зазнаюць найбяднейшыя людзі” (LS 48). Мы павінны з мужнасцю адказаць на ўсё больш і больш трывожны крык зямлі і яе бедных”, - падкрэсліваецца ў дакуменце.
У пасланні звяртаецца ўвага таксама на тое, што парог у 1,5°С мае рэлігійнае вымярэнне. Са спасылкай на Апостальскую адгартацыю Бэнэдыкта XVI “Sacramentum Caritatis” заўважаецца, што свет – гэта дар Бога для чалавецтва, гэта не “матэрыя, якую можна выкарыстаць паводле свайго меркавання, а Божае стварэнне”. Такім чынам, наносіць шкоду атмасферы – гэта як наносіць шкоду Богу і Яго дару.
Неабходна прыкласці ўсе намаганні, беручы прыклад з тых, хто лічыць стварэнне “сакральным” – з “нашых братоў і сясцёр прадстаўнікоў карэнных народаў”. Пасланне завяршаецца заклікам навучыцца ад іх “глыбокай праўдзе” пра тое, што Зямля – гэта каштоўны дар, злучаны з усім родам чалавечым.