У Ватыкане выйшла кніга з breviloquia Францішка
“Лацінскія твіты” рыхтуе Аддзел лацінскіх тэкстаў, які скарочана называюць Лацінскай секцыяй. Яна дзейнічае ў складзе ватыканскага Дзяржсакратарыята і займаецца напісаннем афіцыйных тэкстаў на старажытнай мове.
Як патлумачылі парталу Vatican News супрацоўнікі Секцыі, сёння ім прыходзіцца сутыкацца з новай лексікай, якая не заўсёды ёсць нават у спецыяльных слоўніках. Калі даўно існуе слова “камп'ютэр” – instrumentum computatorium, то да гэтага часу няма слова для абазначэння GPS, таму ватыканскія эксперты вырашылі выкарыстоўваць апісальны тэрмін: universalis loci indicator. З пэўнымі цяжкасцямі лаціністы сутыкнуліся і пры перакладзе слова “твіт”, прыйшоўшы ў рэшце рэшт да варыянту breviloquia, хоць гэта і не літаральны пераклад.
Нароўні з італьянскай мовай, латынь з’яўляецца афіцыйнай мовай Ватыкана: менавіта гэтыя дзве мовы лічыцца мовамі арыгінальных тэкстаў – крыніц, з якіх, за рэдкімі выключэннямі, ажыццяўляюцца пераклады на іншыя мовы. Да нядаўняга часу латынь выкарыстоўвалася нават у ватыканскіх банкаматах. З 2013 г. быў адкрыты лацінскі акаўнт Папы ў “Твітэры”.
Трэба заўважыць, што ў ХХ стагоддзі стаўленне Рымскай курыі да латыні істотна змянілася, што было выклікана перш за ўсё ўвядзеннем у касцёльны ўжытак сучасных моў. Для захавання лацінскай мовы ў якасці мовы Касцёла вялікае значэнне мела рэформа Пія Х, аднак яна была больш засяроджана не на мове, а на структуры курыяльных ведамстваў.
Пасля Другога Ватыканскага Сабора сітуацыя карэнным чынам змянілася. Каб Рымская курыя была больш сугучнай яго духу, у Апостальскай канстытуцыі Regimini Ecclesiae Universae Павел VI дапусціў, акрамя афіцыйнай латыні, выкарыстанне ў курыяльных ведамствах і найбольш распаўсюджаных сучасных моў. А ў 1974 г. Апостальскім лістом Quo aptius была заснавана Лацінская секцыя замест скасаваных: Апостальскай канцылярыі, Канцылярыі апостальскіх грамат, Апостальскай датарыі, Сакратарыята пасланняў князям і Сакратарыята лацінскіх лістоў.