Ватыканскія ініцыятывы да 500-годдзя смерці Леанарда Да Вінчы
У майстэрнях Ватыканскіх музеяў быў адрэстаўраваны шоўкавы габелен, які з’яўляецца адной з першых копій фрэскі “Апошняя вячэра” Да Вінчы для дамініканскага кляштару Санта-Марыя-дэле-Грацые ў Мілане. Тканы выраб ствараўся ў перыяд паміж 1505-1510 гг. па замове французскага караля. У 1533 г. яго падарылі папу Кліменту VII. Рэстаўрацыя шэдэўра працягвалася паўтара гады.
Іншая ініцыятыва Ватыканскіх музеяў – бясплатная выстава незавершанай карціны Леанарда да Вінчы “Святы Іеранім у пустыні”. Яна праходзіць з 22 сакавіка па 22 чэрвеня 2019 г. у выставачнай зале крыла Карла Вялікага, размешчанай у каланадзе плошчы св. Пятра. Карціна пісалася ў перыяд паміж 1480-1482 гг. Яна не была завершана і таму лічыцца адным з самых цікавых твораў Леанарда Да Вінчы.
500-годдзе смерці фларэнтыйскага генія адзначыла выпускам адмысловай маркі і ватыканскае Нумізматычнае і філатэлістычнае бюро. На паштовым знаку, коштам 1,15 еўра, змешчана выява карціны “Святы Іеранім у пустыні”. Калекцыянеры могуць набыць таксама філатэлістычны набор з чатырох такіх марак, упрыгожаны партрэтам Леанарда Да Вінчы з фрэскі “Афінская школа” Рафаэля, якая захоўваецца ў Ватыканскіх музеях. Набор выйшаў накладам 50 тыс.