Hebdomada Papae: у ватыканскім эфіры навіны на латыні
Дайджэст “Hebdomada Papae, notitiae vaticanae latine redditae” (Тыдзень Папы: ватыканскія навіны на лацінскай мове) будзе выходзіць у эфір на хвалях Radio Vaticana Italia. Інфармацыйны блок будзе гучаць па суботах у 12.32 і паўтарацца па нядзелях у 17.30. Ён будзе даступны таксама ў форме падкаста на сайце Vatican News.
Ініцыятыва з’яўляецца сумесным праектам Ватыканскага радыё і Аддзела лацінскіх тэкстаў Дзяржсакратарыяту, які займаецца напісаннем афіцыйных тэкстаў на старажытнай мове Касцёла.
“Гэта будзе сапраўдны інфармацыйны выпуск, з рэпартажамі і навінамі. Мы задумвалі яго не як настальгічны позірк у мінулае, але як выклік на шляху да будучыні”, - заўважыў галоўны рэдактар Vatican News, Андрэа Тарніелі. “Гэтым новым штотыднёвым выпускам мы хочам праз навіны даць новае жыццё мове Каталіцкага Касцёла, якая ўжо штодзённа гучыць на хвалях Ватыканскага радыё падчас св. Імшы, што трансліруецца раніцай”, - дадаў ён.
Нароўні з італьянскай мовай, латынь з’яўляецца афіцыйнай мовай Ватыкана: менавіта гэтыя дзве мовы лічыцца мовамі арыгінальных тэкстаў – крыніц, з якіх, за рэдкім выключэннем, ажыццяўляюцца пераклады на іншыя мовы. З 2013 г. дзейнічае лацінскі акаўнт Папы ў “Твітэры”.