Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік склікае ў Ватыкан Апостальскіх нунцыяў

Папа склікае ў Ватыкан усіх Апостальскіх нунцыяў. Сустрэча пройдзе з 12 па 15 чэрвеня. Такога роду нарады ўжо мелі месца ў 2013 і 2016 гг. Падрыхтоўка і каардынацыя даручана Дзяржсакратарыяту.

Як паведамляе Зала Друку Святога Пасаду, удзел у пасяджэнні прымуць 103 папскіх прадстаўнікі, з іх 98 – гэта нунцыі і 5 – пастаянныя назіральнікі. У апошні дзень, 15 чэрвеня, будуць запрошаны 46 нунцыяў-эмерытаў. Плануецца, што 13 чэрвеня ўдзельнікаў прыме на аўдыенцыі Пантыфік, які звернецца да іх з адмысловай прамовай.

Падчас чатырохдзённай нарады адбудуцца сустрэчы з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята, кансультацыі па актуальных касцёльных пытаннях, міжнародным супрацоўніцтве і міжрэлігійным дыялогу. Удзельнікі будуць сустракацца ў рабочых групах. Таксама плануецца правядзенне іншых сустрэч з кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай Курыі і з пасламі, акрэдытаванымі пры Святым Пасадзе.

Нарада прадугледжвае і важныя духоўныя моманты. 15 чэрвеня Святы Айцец узначаліць Эўхарыстыю ў капліцы Дому св. Марты. Кардынал Пьетра Паралін стане галоўным цэлебрантам св. Імшы 12 чэрвеня, якая адкрые сустрэчу. Таксама ватыканскія дыпламаты возьмуць удзел у набажэнстве, якое пройдзе ў Сікстынскай капэле.

Мерапрыемства завершыцца абедам у Доме св. Марты, на якім будзе прысутнічаць Святы Айцец Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 чэрвеня 2019, 11:18