Пошук

Прадстаўнік моладзі выступае на Сінодзе Біскупаў Прадстаўнік моладзі выступае на Сінодзе Біскупаў 

Святы Пасад склікае паслясінадальную сустрэчу моладзі

Міжнародны моладзевы форум, прысвечаны аналізу першых вынікаў мінулагодняга Сінода Біскупаў на тэму моладзі, веры і распазнання паклікання, пройдзе ў Рыме ў бліжэйшыя дні.

“Актыўная моладзь у сінадальным Касцёле” – так гучыць тэма мерапрыемства, якое адбудзецца з 19 па 22 чэрвеня 2019 г. Прэзентацыя маштабнай сустрэчы, ініцыятарам якой выступае Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця, прайшла 18 чэрвеня 2019 г. у Зале Друку Святога Пасаду.

Мэту і праграму Форуму акрэсліў а. Алесандрэ Aуі Мэла, сакратар вышэй узгаданай Дыкастэрыі. Па яго словах, мерапрыемства будзе прысвечана аналізу вынікаў і ўплыву мінулагодняга Сінода Біскупаў па пытаннях моладзі на жыццё партыкулярных Касцёлаў і дзейнасць касцёльных рухаў.

У першы дзень Форуму адбудзецца рэтраспектыўная дыскусія на тэму “Сінадальны шлях і яго ўплыў на мясцовыя Касцёлы”. Удзел у ёй возьмуць кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, і кардынал Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар Сінода Біскупаў.

Другі дзень форуму будзе прысвечаны чытанню і аналізу паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі папы Францішка “Christus vivit”. Працуючы ў рабочых групах разам з экспертамі, удзельнікі паспрабуюць вылучыць канкрэтныя аспекты, у якіх досвед зямнога жыцця Езуса Хрыста натхняе моладзь.

У праграме трэцяга дня акцэнт будзе зроблены на магчымым канкрэтным унёску, які можа зрабіць моладзь, каб касцёльныя супольнасці, да якіх яны належаць, працягвалі рухацца па “сінадальным” шляху.

Для ўдзелу ў Форуме зарэгістраваліся 246 маладых дэлегатаў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў, якія прадставяць 109 краін і 37 каталіцкіх супольнасцей, рухаў і асацыяцый. Запланаваны ўдзел у мерапрыемстве 15 міністраў па справах моладзі з розных краін.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 чэрвеня 2019, 14:05