Святы Пасад склікае паслясінадальную сустрэчу моладзі
“Актыўная моладзь у сінадальным Касцёле” – так гучыць тэма мерапрыемства, якое адбудзецца з 19 па 22 чэрвеня 2019 г. Прэзентацыя маштабнай сустрэчы, ініцыятарам якой выступае Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця, прайшла 18 чэрвеня 2019 г. у Зале Друку Святога Пасаду.
Мэту і праграму Форуму акрэсліў а. Алесандрэ Aуі Мэла, сакратар вышэй узгаданай Дыкастэрыі. Па яго словах, мерапрыемства будзе прысвечана аналізу вынікаў і ўплыву мінулагодняга Сінода Біскупаў па пытаннях моладзі на жыццё партыкулярных Касцёлаў і дзейнасць касцёльных рухаў.
У першы дзень Форуму адбудзецца рэтраспектыўная дыскусія на тэму “Сінадальны шлях і яго ўплыў на мясцовыя Касцёлы”. Удзел у ёй возьмуць кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, і кардынал Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар Сінода Біскупаў.
Другі дзень форуму будзе прысвечаны чытанню і аналізу паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі папы Францішка “Christus vivit”. Працуючы ў рабочых групах разам з экспертамі, удзельнікі паспрабуюць вылучыць канкрэтныя аспекты, у якіх досвед зямнога жыцця Езуса Хрыста натхняе моладзь.
У праграме трэцяга дня акцэнт будзе зроблены на магчымым канкрэтным унёску, які можа зрабіць моладзь, каб касцёльныя супольнасці, да якіх яны належаць, працягвалі рухацца па “сінадальным” шляху.
Для ўдзелу ў Форуме зарэгістраваліся 246 маладых дэлегатаў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў, якія прадставяць 109 краін і 37 каталіцкіх супольнасцей, рухаў і асацыяцый. Запланаваны ўдзел у мерапрыемстве 15 міністраў па справах моладзі з розных краін.