У Ватыкане праходзіць саміт па абароне сацыяльных правоў
Форум праходзіць 3-4 чэрвеня ў Папскай акадэміі сацыяльных навук. Яго мэтай з’яўляецца абмеркаванне таго, як дапамагчы росту сацыяльнай справядлівасці праз пераадоленне бюджэтных абмежаванняў, банкаўскага ці фінансавага кантролю, палітычнага ціску і стварэнне глабальнага руху, заснаванага на абароне сацыяльных правоў.
У сваіх дакладах удзельнікі сустрэчы дзеляцца досведам працы ў сферы абароны сацыяльных, эканамічных і культурных правоў, у якой абапіраюцца на сацыяльнае вучэнне Касцёла, а таксама выступаюць з новымі прапановамі для дзейнасці суддзяў.
Ватыканскі саміт пакліканы дапамагчы стварэнню “Пастаяннай Панамерыканскай рады суддзяў па абароне сацыяльных правоў” (Permanent Pan American Board of Judges in Defence of Social Rights) – групы экспертаў, якая будзе скіроўваць судовую дзейнасць у рэгіёне ў напрамку большай абароны сацыяльных, эканамічных і культурных правоў.
Праца аб’яднання будзе ажыццяўляцца праз адмысловую фармацыю, правядзенне курсаў, абарону суддзяў, якія падвяргаюцца ціску. Адной з яго мэтаў стане правядзенне сусветнай сустрэчы суддзяў на тэму сацыяльных правоў і вучэння Францішка.
Старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук, эканаміст Стэфана Дзаманьі, распавёў Vatican News, што сёння ў свеце больш абараняюцца грамадзянскія правы людзей, у той час як сацыяльныя, эканамічныя і культурныя застаюцца без належнай увагі, з чым катэгарычна нязгодны Святы Айцец.
“Недастаткова сказаць людзям: “Ты маеш права на ежу”, “Ты маеш права на лячэнне ў выпадку хваробы”, “Ты маеш права даць дзецям адукацыю”, бо калі гэтыя сцвярджэнні не падмацоўваюцца канкрэтнымі магчымасцямі доступу да паслуг, гэта значыць вылучэннем адпаведных рэсурсаў, яны застаюцца пустымі словамі. Нажаль сёння ў свеце існуе празмерная ўвага да грамадзянскіх правоў і адсутнічае такая самая ўвага да правоў эканамічных і сацыяльных”, - падкрэсліў старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук.
Паводле эксперта, закон павінен падтрымліваць дзейнасць недзяржаўных адукацыйных або медыцынскіх устаноў, якія дзейнічаюць не дзеля атрымання прыбытку. Ён нагадаў, што менавіта такімі з’яўляюцца каталіцкія структуры, якія з часоў сярэднявечча значна спрыяюць распаўсюджванню адукацыі і доступу да медыцыны, бо высілкаў дзяржавы ў гэтай сферы недастаткова.