Дзяржсакратар: Латэранскія пагадненні важныя для духоўнай місіі Касцёла
“Падпісанне Латэранскіх пагадненняў афіцыйна пазначыла вырашальны этап у гісторыі адносін, якія дагэтуль былі пераважна канфліктнымі”, - заўважыў Дзяржсакратар Яго Святасці.
Ён нагадаў, што дзякуючы пагадненням станоўча вырашылася так званае “рымскае пытанне”, а Папа і Святы Пасад атрымалі магчымасць для выканання сваёй паўсюднай духоўнай місіі ў паўнаце свабоды і незалежнасці ад любой палітычнай улады.
“Дзякуючы падпісанню Латэранскіх пагадненняў Апостальская Сталіца апынулася цалкам на сваім месцы ў канцэрце народаў, умацавалася магчымасць для разгортвання яе міжнароднай суб’ектнасці, якая ўжо прызнавалася фактычна, і для паўнапраўнага ўдзелу ў розных міжнародных перамовах”, - зазначыў іерарх. “Калі Пій ХІ быў справядліва названы “Папам місій”, гэта дзякуючы магчымасці шырока дзейнічаць на міжнароднай арэне”, - дадаў ён.
Кардынал Паралін закрануў таксама “далікатнае пытанне”, адносна таго, “ці варта было падпісваць дамову з Італіяй, якой кіраваў фашысцкі рэжым, маючы пры гэтым упэўненасць, што такое прымірэнне пойдзе на карысць самому рэжыму”. Паводле пурпурата, Пій ХІ і яго Дзяржсакратар, кардынал Пьетра Гаспары, імкнуліся ў першую чаргу выкарыстаць магчымасць, якая ім была прадстаўлена гістарычным момантам, каб стварыць трывалую аснову для адносін паміж Касцёлам і дзяржавай у Італіі. “Пій ХІ быў дальназоркім і рэалістычным чалавекам”, што пацвярджае гісторыя апошніх 90 гадоў, дадаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.
Латэранскія пагадненні былі заключаны паміж Апостальскай Сталіцай і Італіяй 11 лютага 1929 г. Гэта сістэма дамоваў прывяла да ўзнікнення Дзяржавы Ватыкан, урэгулявання спрэчных пытанняў паміж бакамі, вызначэння міжнароднага статуса Святога Пасаду.