Год таму адышоў у вечнасць кардынал Жан-Луі Таран
“Ён быў дарадчыкам, да якога прыслухоўваліся і якога цанілі, дзякуючы стасункам даверу і павагі, якія ён будаваў з мусульманскім светам”, а таксама “чалавекам глыбокай веры, які да канца з мужнасцю служыў Касцёлу Хрыста, нягледзячы на цяжар хваробы”, - напісаў пра іерарха Папа ў спачувальнай тэлеграме, якую скіраваў пасля атрымання сумнай навіны пра смерць аднаго з сваіх блізкіх паплечнікаў.
Ураджэнец французскага Бардо, кардынал Жан-Луі Таран памёр ва ўзросце 75 гадоў у Злучаных Штатах, дзе праходзіў лячэнне ў сувязі з хваробай Паркінсона, ад якой пакутаваў на працягу многіх гадоў.
Кардыналам ён быў з 21 кастрычніка 2003 г., а з 25 чэрвеня 2007 стаяў на чале Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. З 20 снежня 2014 г. з’яўляўся камерленга Святога Рымскага Касцёла, які фармальна замяняе Святога Айца падчас перыяду “sede vacante”, гэта значыць пасля смерці або адстаўкі Біскупа Рыма. Як кардынал-протадыякан Таран абвясціў 13 сакавіка 2013 г. аб абранні Францішка.
3-8 ліпеня 2017 г. кардынал Таран знаходзіўся з візітам у Беларусі. У якасці спецыяльнага папскага легата іерарх прыняў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 400-годдзя знаходжання ў Беларусі абраза Найсвяцейшай Панны Марыі, што захоўваецца ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.