Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане забаронены продаж аднаразовага пластыку

Да канца 2019 г. Дзяржава Ватыкан плануе стаць цалкам “plastic free”. У прыватнасці тут быў забаронены продаж пластыкавых рэчаў разавага выкарыстання.

Прагнучы адаптавацца да высокіх еўрапейскіх экалагічных стандартаў і чэрпаючы натхненне з энцыклікі Францішка “Laudato si’”, на тэрыторыі самай маленькай дзяржавы ў свеце дынамічна развіваецца раздзельны збор смецця, распавёў італьянскаму агенцтву “ANSA” Рафаэль Ігнацыя Тарніні, кіраўнік садовай і камунальнай службы Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.

Паводле яго слоў, на сённяшні дзень у Ватыкане на пераапрацоўку адпраўляецца 55% “звычайнага” смецця. Лічбы ў 75% плануецца дасягнуць праз два-тры гады. Частка арганічнага смецця перарабляецца на ўгнаенні і выкарыстоўваецца ў Ватыканскіх садах і на фермах у Кастэль-Гандольфа.

Што тычыцца “спецыяльных адкідаў”, то ў 2016 г. быў створаны адпаведны экалагічны цэнтр, дзе яны сартыруюцца для далейшай пераапрацоўкі.  У 2018 г. ён быў мадэрнізаваны, што дазволіла павялічыць долю сартыраванага спецыяльнага смецця да 98%. Дасягнуць стопрацэнтнага выніку плануецца ў 2020 г.

Рафаэле Тарніні распавёў, што на плошчы св. Пятра былі ўстаноўлены спецыяльныя сметніцы для збору пластыка. Галоўным чынам у іх трапляюць бутэлькі з пад вады, якіх штодзённа збіраецца каля 10 кілаграмаў.

Ватыкан ужо даўно прыкладае намаганні, накіраваныя на стварэнне ўстойлівай экалагічнай абстаноўкі на сваёй тэрыторыі. У 2008 г. на даху Залы Паўла VI было ўстаноўлено каля 2400 сонечных панэляў. Яны пакрываюць плошчу ў 5 тыс. квадратных метраў і дазваляюць ацяпляць, кандыцыянірававаць паветра і асвятляць вялізнае памяшканне, у якім Пантыфік часта сустракаецца з вернікамі, а таксама бліжэйшыя будынкі.

Са студзеня 2019 г. базыліка св. Пятра мае энергазберагальныя святлодыдёныя лямпачкі, якія раней былі ўстаноўлены ў Сікстынскай капэле і на плошчы св. Пятра. Сёлета на тэрыторыі Ватыкана было ўстаноўлена 20 зарадных станцый для электрамабіляў.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 ліпеня 2019, 14:11