У Ватыкане забаронены продаж аднаразовага пластыку
Прагнучы адаптавацца да высокіх еўрапейскіх экалагічных стандартаў і чэрпаючы натхненне з энцыклікі Францішка “Laudato si’”, на тэрыторыі самай маленькай дзяржавы ў свеце дынамічна развіваецца раздзельны збор смецця, распавёў італьянскаму агенцтву “ANSA” Рафаэль Ігнацыя Тарніні, кіраўнік садовай і камунальнай службы Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.
Паводле яго слоў, на сённяшні дзень у Ватыкане на пераапрацоўку адпраўляецца 55% “звычайнага” смецця. Лічбы ў 75% плануецца дасягнуць праз два-тры гады. Частка арганічнага смецця перарабляецца на ўгнаенні і выкарыстоўваецца ў Ватыканскіх садах і на фермах у Кастэль-Гандольфа.
Што тычыцца “спецыяльных адкідаў”, то ў 2016 г. быў створаны адпаведны экалагічны цэнтр, дзе яны сартыруюцца для далейшай пераапрацоўкі. У 2018 г. ён быў мадэрнізаваны, што дазволіла павялічыць долю сартыраванага спецыяльнага смецця да 98%. Дасягнуць стопрацэнтнага выніку плануецца ў 2020 г.
Рафаэле Тарніні распавёў, што на плошчы св. Пятра былі ўстаноўлены спецыяльныя сметніцы для збору пластыка. Галоўным чынам у іх трапляюць бутэлькі з пад вады, якіх штодзённа збіраецца каля 10 кілаграмаў.
Ватыкан ужо даўно прыкладае намаганні, накіраваныя на стварэнне ўстойлівай экалагічнай абстаноўкі на сваёй тэрыторыі. У 2008 г. на даху Залы Паўла VI было ўстаноўлено каля 2400 сонечных панэляў. Яны пакрываюць плошчу ў 5 тыс. квадратных метраў і дазваляюць ацяпляць, кандыцыянірававаць паветра і асвятляць вялізнае памяшканне, у якім Пантыфік часта сустракаецца з вернікамі, а таксама бліжэйшыя будынкі.
Са студзеня 2019 г. базыліка св. Пятра мае энергазберагальныя святлодыдёныя лямпачкі, якія раней былі ўстаноўлены ў Сікстынскай капэле і на плошчы св. Пятра. Сёлета на тэрыторыі Ватыкана было ўстаноўлена 20 зарадных станцый для электрамабіляў.