Электрамабілі ватыканскага Губернатарату Электрамабілі ватыканскага Губернатарату 

Ватыканскі аўтапарк папоўніўся новымі электракарамі

Ватыканскі аўтапарк папоўніўся двума новымі электракарамі “Smart”. Яны былі перададзены ў бязвыплатнае карыстанне нямецкім аўтамабільным канцэрнам “Daimler AG”.

Два новыя чатырохмесныя электрычныя аўтамабілі былі дастаўлены ў Ватыкан 24 ліпеня 2019 г. Яны будуць знаходзіцца ў распараджэнні Губернатарату і павінны яшчэ раз падкрэсліць увагу папскай дзяржавы да праблем навакольнага асяроддзя і эвалюцыю ў кірунку выкарыстання экалагічна чыстага транспарту.

Рашэнне выкарыстоўваць электрамабілі – гэта адказ на зварот Францішка, які ў сваёй энцыкліцы “Laudato si’”, пісаў: “Тэрміновы заклік да абароны нашага супольнага дому ахоплівае клопат аб з’яднанні ўсёй чалавечай сям’і ў імкненні да ўстойлівага і інтэгральнага развіцця, бо ведаем, што ўсё можа змяніцца”.

У чэрвені 2019 г. на тэрыторыі Ватыкана было ўстаноўлена 20 зарадных станцый для электрамабіляў, якія маюць па два порты магутнасцю 22 кВт кожны. Электракары ёсць у распараджэнні Ватыканскай жандармерыі, Ватыканскай пошты, некаторых структур Рымскай курыі.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

29 ліпеня 2019, 12:35