Апостальская бібліятэка прымае спецыялізаваны форум
Пра гэта мансеньёр Чэзарэ Пазіні казаў 30 жніўня 2019 г., адкрываючы спадарожнікавую сустрэчу для бібліятэкараў, выкладчыкаў і тэхнолагаў па праблеме трансфармацыі адукацыі ў сферы бібліятэчных і інфарматыўных навук у сусветнай інфармацыйнай прасторы і па пытаннях лічбавай і сацыяльнай інклюзіі. Арганізатарам мерапрыемства выступае Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (IFLA). Двухдзённы форум праходзіць у будынку ватыканскай Апостальскай бібліятэкі.
Гэтая сустрэча можа стаць “плённай памяццю для будучыні нашых устаноў”, улічваючы, што праводзіцца якраз тады, калі Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў адзначае 90-годдзе з часу свайго заснавання і мае за плячыма багаты вопыт развіцця і стасункаў з Папамі, у прыватнасці з Піем XI, які надаваў вялікую ўвагу аднаўленню і ўзбагачэнню фондаў Бібліятэкі і паспрыяў адкрыццю доступу да яе фондаў для супольнасці бібліятэк свету, - адзначыў святар.
Па яго словах, з 1929 г. да сённяшняга дня многае змянілася ў свеце бібліятэк, у тым ліку дзякуючы ўзрастаючаму прагрэсу ў стасунках паміж установамі і ўсё больш адмысловым тэхналогіям, якія палегчылі распаўсюджванне даных і выяў.
“Сёння бібліятэкі (…) ужо больш не з’яўляюцца толькі ахоўнікамі памяці і больш-менш вялікага кніжнага матэрыялу, але вытворцамі даных і выяў, вузлавымі цэнтрамі абмену навінамі і інфармацыяй, месцамі навучання і трывалымі арыенцірамі ў часы фэйкавых навін і сумніўнага пошуку праўды. Такім чынам, яны адыгрываюць важную ролю для культуры заўтрашняга дня ў моцна пераўтвораным свеце. Адсюль неабходнасць пастаяннага разважання над прафесіяналізмам супрацоўнікаў сектара”, - сказаў кс. Чэзарэ Пазіні.
Ён нагадаў, што пасрэднікам у арганізацыі сустрэчы выступіла Школа для бібліятэкараў, заснаваная пры Апостальскай бібліятэцы яшчэ ў 1934 г. па жаданні папы Пія XI, а гэта значыць, што “рэчаіснасць мінулага праецыруецца ў кірунку будучыні”.
“Без мінулага, без памяці, якую вельмі добра ўвасабляе Ватыканская бібліятэка і якую свет бібліятэк так моцна намагаецца захаваць, немагчыма будучыня з трывалымі каранямі”, - заключыў прэфект.
Апостальская бібліятэка была заснавана па ініцыятыве Мікалая V і Сікста IV у другой палове XV ст. На сённяшні дзень тут захоўваецца больш за 1,5 млн. старажытных і сучасных кніг, больш за 8 тыс. інкунабул, каля 150 тыс. манускрыптаў, каля 300 тыс. манет і медалёў і каля 20 тыс. твораў мастацтва.