Гадавіна смерці св. Паўла VI
Цуд да кананізацыі Паўла VI датычыўся выратавання жыцця дзяўчынкі ва ўлонні маці на пятым месяцы цяжарнасці. Праз некалькі дзён пасля беатыфікацыі Папы (19 кастрычніка 2014 г.) – маці, якая жыла ў правінцыі Верона, накіравалася ў санктуарый Маці Божай Ласкавай у італьянскай Брэшыі, каб там памаліцца аб заступніцтве новага благаслаўлёнага. Яна ведала, што цуд да яго беатыфікацыі таксама быў звязаны з складанай цяжарнасцю. Дзіця нарадзілася 25 снежня 2014 г., і яно было здаровым.
Францішак вельмі паважае Паўла VI і неаднаразова цытаваў яго ў сваіх прамовах. У гаміліі падчас беатыфікацыйнай св. Імшы Папа падкрэсліў, што Паўлу VI “ўдалося трымаць з дальнабачнай мудрасцю – і часам застаючыся самотным – штурвал Чоўну св. Пятра, ніколі не губляючы радасці і даверу да Пана”.
“У адносінах да гэтага вялікага Папы, адважнага хрысціяніна, нястомнага апостала, перад Богам мы можам казаць толькі такое простае, але шчырае і важнае слова: дзякуй! Дзякуй табе, наш дарагі і любімы папа Павел VI! Дзякуй табе за сціплае і прарочае сведчанне любові да Хрыста і Яго Касцёла!”, - сказаў тады Францішак.
Павел VI вядомы сваёй дзейнасцю на карысць адзінства хрысціян. 7 снежня 1965 г. ён і Патрыярх Афінагор адначасова ў Ватыкане і Канстантынопалі адмянілі экскамунікі, абвешчаныя прадстаўнікамі Усходняй і Заходняй Цэркваў у 1054 г. Падчас пантыфікату гэтага Папы пачаўся афіцыйны дыялог з англіканамі і лютэранамі і жывыя кантакты з Маскоўскім Патрыярхатам. Ён прымаў у Ватыкане прадстаўнікоў іншых Цэркваў і рэлігій. У 1973 г. сустрэўся з лідарам тыбецкіх будыстаў Далай-ламай.