Ліст Папы да святароў – каментар ватыканскага іерарха
Арцыбіскуп Хорхэ Карлас Патрон Вонг даў інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”, прысвечанае лісту Францішка да святароў. Пантыфік скіраваў яго 4 жніўня 2019 г. з нагоды літургічнага ўспаміну св. Яна Марыі Віянэя – апекуна пробашчаў.
“Гэты ліст з’яўляецца плёнам яго вялікага досведу і сардэчнай блізкасці да прэзбітэраў. Гэта вынік шматлікіх сустрэч і асабістых размоў Папы, якія адбываліся на працягу яго жыцця і асабліва падчас служэння на пасадзе Наступніка св. Пятра. Гэта таксама абагульненне шматлікіх лістоў, якія Пантыфік атрымлівае і чытае асабіста...”, - заўважыў іерарх.
Арцыбіскуп Вонг падкрэсліў, што такім чынам Францішак вырашыў выказаць падзяку святарам ад усяго Божага народу за іх штодзённае служэнне і падтрымку ў цяжкасцях, якія яны сустракаюць.
Паводле ватыканскага іерарха, св. Ян Марыя Віянэй застаецца для духавенства прыкладам “канкрэтнай душпастырскай любові ў штодзённасці”, “ладу жыцця, пазначанага абсалютнай блізкасцю да Бога і Яго народа”. “Ёсць шмат святароў, падобных на пробашча з Арс. Гэта яны падтрымліваюць Касцёл жывым і дзейсным, бо святар – гэта частка Божага народу, той, хто ахвяруе жыццё дзеля яго”, - дадаў сакратар Кангрэгацыі па справах духавенства.
Арцыбіскуп Вонг зазначыў, што зараз трывае перыяд “касцёльнага ачышчэння, калі ўваскрослы Хрыстус дае жыццё Касцёлу, навяртаючы ўсіх да сябе”, час, каб вызваліцца ад крывадушнасці і вонкавасці.
“Гэта – добрая вестка. Гэта дзейнасць Святога Духа, бо святары пакліканы жыць у шчырасці, у паслядоўнасці. Прэзбітэры павінны знаходзіцца ў стане пастаяннага навяртання, каб быць больш простымі, пакорнымі, радаснымі, каб весці больш евангельскае жыццё. Яны павінны клапаціцца пра тое, каб усё больш і больш станавіцца вучнямі Езуса, а ў першую чаргу ўсведамляць, што душпастырская дзейнасць становіцца плённай дзякуючы Святому Духу, а не чалавечай стратэгіі”, - падкрэсліў іерарх.
Каментуючы словы Папы пра небяспеку “саладжавага смутку”, ахвярамі якога становяцца святары, арцыбіскуп Вонг параўнаў гэты стан з пасіўнасцю футбалістаў, якія адчуваюць, што “матч ужо амаль прайграны”. “Але жыццё з Уваскрослым дазваляе табе з радасцю гуляць на максімуме, з поўнай упэўненасцю ў перамозе, бо маем лепшага капітана, якім з’яўляецца ўваскрослы Хрыстус, а таксама лепшую каманду – касцёльную супольнасць”, - сказаў арцыбіскуп Вонг.
Ён нагадаў, што сілы для штодзённага служэння святарам неабходна чэрпаць з асабістых адносін з Хрыстом, малітвы, сакрамэнтаў Эўхарыстыі і споведзі, рэгулярнага і сістэматычнага духоўнага суправаджэння, ад мудрых братоў, якія дапамогуць суадносіць жыццё з Евангеллем і Божай воляй.
“І асабліва важным з’яўляецца святарскае братэрства, якое дапамагае не трапіць у “праметэйства”, калі чалавек адчувае сябе суперменам, пакладае надзею толькі ва ўласных сілах, адчувае сябе лепшым за іншых”, - падкрэсліў сакратар ватыканскай дыкастэрыі.