Папа падчас сустрэчы з украінскім грэка-каталіцкім епіскапатам. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас сустрэчы з украінскім грэка-каталіцкім епіскапатам. Ілюстрацыйнае фота  

Ватыкан: два буйных форумы іерархіі ўсходняга абраду

Правядзенне Сінода Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы і сустрэчы біскупаў усходняга абраду з усёй Еўропы запланавана на першую палову верасня ў Ватыкане.

У абодвух мерапрыемствах прыме ўдзел Дзяржсакратар Яго Святасці Папы кардынал Пьетра Паралін. Сярод удзельнікаў Сінода – у тым ліку Анджэла Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, якога ў ліпені 2019 г. папа Францішак прызначыў Апостальскім адміністратарам “sede vacante” Экзархату, створанага па волі Святога Айца для ўкраінскіх католікаў візантыйскага абраду, што пражываюць у Італіі.

Для вераснёўскага Сінода абрана тэма “Еднасць у жыцці і ў сведчанні Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы”. 1 верасня 2019 г. Боскую Літургію на распачацце Сінода ўзначаліць Вярхоўны Архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук. 5 верасня 2019 г. у рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ адбудзецца яшчэ адно набажэнства з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння і 100-годдзя з дня смерці благаслаўлёнай Язафаты Гардашэўскай, сузаснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У рамках Сінода запланавана аўдыенцыя ў Папы.

Што датычыць XXIII Сустрэчы біскупаў усходняга абраду з Еўропы, то яе тэмай стане “Экуменічная місія Каталіцкіх Усходніх Цэркваў Еўропы сёння”. Між іншым, удзельнікі сходу абмяркуюць багаслоўскі дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, у прыватнасці, Маскоўскім Патрыярхатам.

Акрамя кардынала Дзяржсакратара Параліна, з прамовамі на сустрэчы выступяць кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, і кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Сход узначаляць кардынал Анджэла Баньяска, Старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, і Вярхоўны Архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук.

Нагадаем, што ў праграме Святога Айца на першую палову верасня – Апостальскае падарожжа ў тры паўднёваафрыканскія краіны Афрыкі: у Мазамбік, на Мадагаскар і Маўрыкій. Пілігрымка будзе праходзіць з 4 па 10 верасня 2019 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 жніўня 2019, 11:06