Ватыкан выпусціў марку да 25-годдзя дыпадносін з Ізраілем
У спецыяльным прэс-рэлізе гаворыцца, што 30 снежня 1993 г. падчас пантыфікату Яна Паўла II у Іерусаліме было падпісана гістарычнае Асноўнае пагадненне паміж Святым Пасадам і Ізраілем, якое ўступіла ў сілу ў 1994 г. Дакумент усталёўваў не толькі дыпламатычныя адносіны, але і супрацоўніцтва ў барацьбе з антысемітызмам, рэлігійным расізмам і нецярпімасцю, садзейнічанне навуковаму абмену і пашырэнню хрысціянскіх пілігрымак у Святую Зямлю.
Збліжэнню паміж юдэямі і хрысціянамі і ўмацаванню дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі ў значнай ступені паспрыялі пілігрымкі Яна Паўла ІІ (у 2000 г.) і Бэнэдыкта XVI (у 2009 г.) у Святую Зямлю. Францішак наведаў Ізраіль у маі 2014 г. і быў сустрэты з вялікім энтузіязмам усім ізраільскім насельніцтвам.
На філатэлістычным аркушы, выдадзеным з нагоды 25-ый гадавіны дыпламатычных адносін, змешчаны базыліка св. Пятра ў Рыме і сінагога ў Капернауме, што адлюстроўвае глыбіню і ўнікальнасць адносін і ўзаемадзеянняў паміж юдаізмам і хрысціянствам, - падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе.