Святы Айцец маліўся за памерлага кардынала Леваду
Іерарх адышоў у вечнасць у ноч з 25 на 26 верасня 2019 г. у Рыме ў 83-гадовым узросце. Святы Айцец узначаліў абрад апошняга развітання з пурпуратам пасля пахавальнай літургіі ў ватыканскай базыліцы св. Пятра, якую цэлебраваў кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі кардыналаў.
Уільям Левада нарадзіўся ў 1936 г. у каліфарнійскім горадзе Лонг Біч. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1961 г. Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Займаўся душпастырскай і выкладчыцкай дзейнасцю ў Лос-Анджэлесе.
З 1976 па 1982 г. служыў у якасці афіцыяла ў Кангрэгацыі Веравучэння. Выкладаў тэалогію ў Папскім грыгарыянскім універсітэце. У 1983 г. стаў дапаможным біскупам Лос-Анджэлескай архідыяцэзіі, а ў 1986 г. – арцыбіскупам Портленда. Уваходзіў у камісію па падрыхтоўцы Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. З 1995 г. – арцыбіскуп Сан-Францыска.
У 2005 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў яго прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, у 2006 г. – уключыў у Калегію кардыналаў, а ў 2009 г. – прызначыў старшынёй Камісіі “Ecclesia Dei”. Іерарх быў таксама кіраўніком Папскай біблійнай камісіі і Міжнароднай тэалагічнай камісіі. У адстаўку ён сышоў у 2012 г. у сувязі з дасягненнем пенсійнага ўзросту.
Пасля смерці кардынала Левады Калегія кардыналаў складаецца з 212 іерархаў, з якіх 118 маюць права голасу пры выбарах Пантыфіка.