Святы Пасад выказаў падтрымку дзейнасці МАГАТЭ
Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, прыняў удзел у 63-й Генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ, якая праходзіць у Вене.
Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі высока ацаніў дзейнасць Агенцтва па падтрымцы інтэгральнага чалавечага развіцця праз заахвочванне да супрацоўніцтва ў вывучэнні магчымасцей атамнай энергетыкі і яе выкарыстання ў мірных мэтах.
Арцыбіскуп Галахер зазначыў, што праекты МАГАТЭ ў сферы аховы здароўя, водных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, барацьбы з кліматычнымі зменамі, гарантавання харчовай бяспекі і падтрымкі сельскай гаспадаркі значным чынам садзейнічаюць змяншэнню беднасці, а таксама дапамагаюць краінам дасягнуць сваіх мэт у галіне развіцця ўстойлівым чынам.
Ватыканскі іерарх спаслаўся на энцыкліку Францішка “Laudato si’”, у якой гаворыцца, што прагрэс, тэхнічная і навуковая эвалюцыя, не заўсёды суправаджаліся “чалавечым развіццём у пытаннях адказнасці, каштоўнасцей і сумлення”.
Дыпламат запэўніў у падтрымцы з боку Апостальскай Сталіцы маніторынгу ядзернай праграмы Ірана, якая праводзіцца МАГАТЭ, а таксама намаганняў міжнароднай супольнасці, накіраваных на распачацце перамоў аб ядзернай праграме Паўночнай Карэі, якая “пагражае цэласнасці рэжыму нераспаўсюджання ядзернай зброі”.