У Ватыкане пачаўся семінар на тэму штучнага інтэлекту
Міжнародны семінар на тэму “Супольнае дабро ў лічбавую эпоху” будзе праходзіць з 26 па 28 верасня 2019 г. па ініцыятыве Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Папскай рады па культуры.
Якім чынам штучны інтэлект і робататэхніка змяняюць наша жыццё? У чым благаслаўленне і праклён лічбавых тэхналогій? У якіх выпадках тэхнічны прагрэс служыць асобным людзям, а ў якіх – усяму чалавецтву? Гэтыя і іншыя пытанні будуць абмяркоўваць прадстаўнікі розных сфер навукі, палітыкі, эканомікі.
Дарожнай картай у дыскусіях стане энцыкліка Францішка “Laudato si’”. У ёй Папа папярэджваў: “Цяжка сабе ўявіць, што можна трымацца іншай культурнай парадыгмы і карыстацца тэхнікай толькі як звычайнай прыладай, бо сёння тэхнакратычная парадыгма стала настолькі дамінуючай, што вельмі цяжка не выкарыстаць яе патэнцыял, а яшчэ цяжэй не паддацца яе логіцы. Антыкультурным стаў лічыцца выбар такога стылю жыцця, мэта якога хоць бы нават часткова магла б быць незалежнай ад тэхнікі, яе кошту, яе глабальнай і масавай улады”.
Паводле аднаго з арганізатараў ватыканскага семінара, сакратара Папскай рады па культуры, біскупа Пола Тая, каб зразумець, што ў кантэксце развіцця лічбавых тэхналогій можна называць супольным дабром, патрэбны міждысцыплінарны абмен поглядамі, з асаблівым укладам філасофіі і тэалогіі. Менавіта пляцоўкай для такой дыскусіі і стане ватыканскі форум.