Кардынал Марк Уэле Кардынал Марк Уэле 

Кардынал-прэфект: Амазонія патрабуе цэлібату

Цэлібат мае непараўнальны евангелізацыйны патэнцыял, якога патрабуюць карэнныя народы Амазоніі, каб адкрыць для сябе Хрыста і Яго Касцёл, як таямніцу любові і радасці, - падкрэсліў кардынал Марк Уэле.

Прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў і старшыня Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі не ўпэўнены ў тым, што Касцёл у Амазоніі патрабуе адмены цэлібату, каб мець мясцовых святароў. Аб гэтым ён сказаў у інтэрв’ю італьянскаму выданню “Avvenire”.

Кардынал Уэле нагадаў, што Касцёл з’явіўся ў Панамазонскім рэгіёне менавіта дзякуючы місіянерам, якія жылі ў цэлібаце. На яго думку, цэлібат мае вялікі евангелізацыйны патэнцыял, бо з’яўляецца канкрэтным сведчаннем веры і любові.

Іерарх прызнаў, што “не ўсе людзі з’яўляюцца святымі”, і сярод святароў ёсць тыя, якія паддаліся спакусе клерыкалізму, але “адно дрэва не можа засланяць увесь лес”. Пераважная большасць святароў імкнецца жыць па прыкладзе Езуса Добрага Пастыра, хоць у сучасным свеце гэта нялёгка, - запэўніў прэфект.

Дзелячыся сваімі думкамі пра Сінод Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане, кардынал Уэле падзяліў меркаванне Францішка пра тое, што пытанне пасвячэння жанатых мужчын у Амазоніі не павінна быць самым важным на Асамблеі. На яго думку, у першую чаргу, патрэбна сканцэнтраванасць евангелізацыі на самім Езусе.
 

19 кастрычніка 2019, 16:12