Сінод Біскупаў па Амазоніі на шляху да завяршэння
Сакратар Інфармацыйнай камісіі Сінода, кс. Джакама Коста падкрэсліў, што галоўная мэта Асамблеі не заключаецца ў стварэнні новага дакумента. Сінод – гэта супольны шлях для пошуку рашэння пэўных праблем. Выніковы дакумент з’яўляецца прыладай, якая павінна толькі дапамагчы ў пошуку шляху, на якім усе могуць сустрэцца і рабіць далейшыя крокі наперад.
Падчас брыфінгу звярталася ўвага на маргінальнае становішча жанчын у Амазоніі. Адзначалася, што спрыянне іх уключэнню ў прыняцце рашэнняў павінна адбывацца з самых нізоў. Душпастыры, якія працуюць у Панамазонскім рэгіёне, заўважалі, што імкнуцца рабіць гэта ў каталіцкіх парафіях і супольнасцях.
Закраналася праблема фармацыі будучых святароў у Амазоніі, у прыватнасці фармацыі святароў з карэнных народаў. Падкрэслівалася, што падрыхтоўка душпастыраў павінна адбывацца з увагай да шматкультурнасці рэгіёну.
Удзельнікі брыфінгу падзяліліся досведам душпастырства ў ізаляваных амазонскіх супольнасцях. Звярталася ўвага на цяжкасці, звязаныя з дасягненнем гэтых груп насельніцтва, на адметнасць светаўяўлення і гарманічнасць жыцця людзей, якія пражываюць у глыбокіх лясах.