Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Удзельнікі Сінода Біскупаў пачалі дыскусіі ў рабочых групах

Удзельнікі Сінода Біскупаў па Амазоніі пачалі працу ў рабочых групах. Пра гэта паведамілі на брыфінгу, які прайшоў 10 кастрычніка 2019 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Старшыня Інфармацыйнай камісіі Сінода і прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні распавёў, што на заканчэнне першага этапу Асамблеі, у рамках якога ўдзельнікі выступалі з кароткімі дакладамі, слова ўзяў Святы Айцец. Францішак падзяліўся тым, што яго найбольш кранула і ўразіла ў прамовах выступоўцаў.

На працягу бліжэйшых двух дзён – 10 і 11 кастрычніка – на Сінодзе Біскупаў будуць адбывацца дыскусіі ў групах. Яны былі створаны па моўным прынцыпе: пяць іспанамоўных, чатыры партугаламоўныя, дзве італьянамоўныя, анга- і франкамоўная.

Праца ў рамках Генеральных кангрэгацый адновіцца 12 кастрычніка і будзе працягвацца да 15 кастрычніка. Затым зноў пройдуць два дні дыскусій. Справаздачы аб працы ў групах будуць прадстаўлены ў Сінадальнай зале вечарам 17 кастрычніка, пасля чаго іх тэксты апублікуюць у ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.

Апошні тыдзень Сінода будзе прысвечаны працы і дыскусіям над Выніковым дакументам. Галасаванне адносна тэксту адбудзецца 26 кастрычніка, пасля чаго ён будзе перададзены Пантыфіку. Форум завершыцца ўрачыстай св. Імшой, якую Францішак узначаліць 27 кастрычніка на плошчы св. Пятра.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 кастрычніка 2019, 15:18