Удзельнікі Сінода Біскупаў пачалі дыскусіі ў рабочых групах
Старшыня Інфармацыйнай камісіі Сінода і прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні распавёў, што на заканчэнне першага этапу Асамблеі, у рамках якога ўдзельнікі выступалі з кароткімі дакладамі, слова ўзяў Святы Айцец. Францішак падзяліўся тым, што яго найбольш кранула і ўразіла ў прамовах выступоўцаў.
На працягу бліжэйшых двух дзён – 10 і 11 кастрычніка – на Сінодзе Біскупаў будуць адбывацца дыскусіі ў групах. Яны былі створаны па моўным прынцыпе: пяць іспанамоўных, чатыры партугаламоўныя, дзве італьянамоўныя, анга- і франкамоўная.
Праца ў рамках Генеральных кангрэгацый адновіцца 12 кастрычніка і будзе працягвацца да 15 кастрычніка. Затым зноў пройдуць два дні дыскусій. Справаздачы аб працы ў групах будуць прадстаўлены ў Сінадальнай зале вечарам 17 кастрычніка, пасля чаго іх тэксты апублікуюць у ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.
Апошні тыдзень Сінода будзе прысвечаны працы і дыскусіям над Выніковым дакументам. Галасаванне адносна тэксту адбудзецца 26 кастрычніка, пасля чаго ён будзе перададзены Пантыфіку. Форум завершыцца ўрачыстай св. Імшой, якую Францішак узначаліць 27 кастрычніка на плошчы св. Пятра.