Ватыканская бібліятэка спрыяе вывучэнню сваіх лічбавы архіваў
Праект быў рэалізаваны ў супрацоўніцтве з бібліятэкай Стэнфардскага ўніверсітэта пры фінансавай падтрымцы “The Andrew W. Mellon Foundation”. Ён грунтуецца на тэхналогіі “International Image Interoperability Framework” (скарочана ІІІF), якая дазваляе працаваць з выявамі, створанымі ў выніку алічбоўкі кніг, газет, рукапісаў, карт, архіўных матэрыялаў.
17 кастрычніка 2019 г. Ватыканская бібліятэка, якая з’яўляецца членам-заснавальнікам кансорцыума “International Image Interoperability Framework”, пазнаёміла даследчыкаў з тым, як гэта тэхналогія можа выкарыстоўвацца ў працы з алічбаванымі манускрыптамі ў інтэрнэце. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра стварэнне анатацый, каментароў, параўнання рукапісаў навукоўцамі з розных частак свету.
Былі прадстаўлены тэматычныя дыдактычныя раздзелы, створаныя на сайце Ватыканскай апостальскай бібліятэкі. Пад змешчанымі ў іх лічбавымі копіямі манускрыптаў, дзякуючы спецыяльнаму інтэрнэт-пратаколу, навукоўцы маглі пакідаць заўвагі, каментары, тлумачэнні. За тры гады працы было створана каля 26 тыс. анатацый для больш чым 300 дакументаў.
У Ватыканскай апостальскай бібліятэцы захоўваецца каля 80 тыс. манускрыптаў. Каля 15 тыс. з іх ужо дыгіталізавана. Яны даступны навуцоўцам анлайн.