Асабісты сакратар Францішка завяршае пяцігадовае служэнне
55-гадовы аргентынскі святар, мансеньёр Фабіян Пэдак’ё Леаніз, завяршае пяцігадовае служэнне на пасадзе асабістага сакратара Папы, пацвердзіў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.
Матэа Бруні заўважыў, што гаворка ідзе пра “рашэнне, якое было прынята ўжо даўно”. Гэта звычайная ратацыя кадраў, у рамках якой адбываецца змена абавязкаў.
Кс. Фабіян Пэдак’ё быў асабістым сакратаром Святога Айца, не пакідаючы сваёй асноўнай працы ў Кангрэгацыі па справах біскупаў, дзе працуе з 2007 г. У бліжэйшы час ён вернецца да служэння ў Кангрэгацыі на поўны працоўны дзень.
Францішка і кс. Пэдак’ё лучыць доўгае знаёмства яшчэ з тых часоў, калі Хорхэ Марыа Бэрголіа быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Менавіта ён скіраваў святара на працу ў Ватыкан. Пасля абрання на Пасад св. Пятра, у 2013 г., Францішак прызначыў яго сваім асабістым сакратаром.
У Святога Айца ёсць другі асабісты сакратар – 44-гадовы егіпецкі святар, мансеньёр Ёаніс Лахзі Гайд.
26 лістапада 2019, 12:13