Бэнэдыкт XVI да 50-годдзя Міжнароднай тэалагічнай камісіі
Папа на пенсіі скіраваў зварот з 50-годдзя Міжнароднай тэалагічнай камісіі, якое адзначаецца сёлета. Ён нагадаў, што структура была створана, каб
пераадолець аддаленне паміж тэалогіяй і вучэннем Папы.
Бэнэдыкт XVI прыгадаў, што ў склад Камісіі ўваходзілі шматлікія вялікія тэолагі, якія прымалі ўдзел у Другім Ватыканскім Саборы, а таксама тыя, якім, “што дзіўна, не знайшлося месца на Саборы”. Сярод апошніх ён адзначыў Ганса Урса фон Бальтазара і Луі Буе, “які па прычыне сваёй шчырасці не падабаўся многім біскупам, але быў дасканалым супрацоўнікам, дзякуючы сваёй вялікай эрудыцыі”.
Папа на пенсіі напісаў таксама пра цяжкія часы ў працы Міжнароднай тэалагічнай камісіі, напрыклад, звязаныя з тым, што яе пакінулі Ёханэс Файнэр і Карл Ранэр, пасля таго, як было прынята рашэнне, што Каталіцкі Касцёл не будзе членам Сусветнай Рады Цэркваў.
Бэнэдыкт XVI прыгадаў пра дыскусіі аб “тэалогіі вызвалення”, якая на той час была не толькі тэарэтычнай праблемай, але таксама пагрозай для жыцця Касцёла ў Паўднёвай Амерыцы. Да супрацьстаяння, паводле Папы-эмерыта, прыводзілі таксама дыскусіі аб пытаннях маральнай тэалогіі, напрыклад аб сужэнстве.
Пантыфік прыгадаў пра дыскусіі з удзелам амерыканскага тэолага, прафесара Вільяма Мэя, свецкага верніка і шматдзетнага бацькі, які са слязамі на вачах бараніў самыя строгія пазіцыі.
Бэнэдыкт XVI прызнаў, што за 50-гадоў працы Міжнароднай тэалагічнай камісіі не атрымалася дасягнуць маральнага адзінства ў сферы тэалогіі, тым не менш, голас гэтай структуры, “з’яўляецца глыбокім арыенцірам для сур’ёзнай тэалагічнай працы ў дадзены гістарычны момант”.
Напрыканцы звароту Папа на пенсіі заўважыў, што праца ў Камісіі прыносіла яму радасць ад сустрэчы з іншымі мовамі і ладам мыслення. “Але перш за ўсё яна стала для мяне пастаяннай магчымасцю для пакоры, якая асэнсоўвае межы таго, што нам не належыць, і такім чынам адкрывае шлях Праўдзе, якая ўсе пераўзыходзіць. Толькі пакора можа адкрыць Праўду, а Праўда, у сваю чаргу, гэта аснова Любові, ад якой залежыць усё”, - напісаў Бэнэдыкт XVI.