У Ватыкане паставяць крыж у памяць аб мігрантах і бежанцах
“19 снежня 2019 г., пасля ранішніх аўдыенцый, Святы Айцец сустрэнецца з бежанцамі, якія нядаўна прыбылі з Лесбаса гуманітарным калідорам, і ўстановіць крыж у памяць аб мігрантах і бежанцах ля ўваходу ў Апостальскі палац з двара Бельведэр”, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.
У пачатку снежня Папскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі суправадзіў у Рым з грэчаскага вострава Лесбас 33 бежанцаў. Сем’і з Афганістана, Камеруна і Тога знайшлі свой другі дом дзякуючы Супольнасці св. Эгідзія, манаскім супольнасцям, рымскім парафіям і проста неабыякавым людзям. У гэтыя снежаньскія дні ў Рым пры дапамозе Святога Пасаду прыбылі яшчэ 10 бежанцаў.
У канцы верасня па ініцыятыве Францішка на плошчы св. Пятра была ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя, якая прадстаўляе групу мігрантаў розных культур і гістарычных перыядаў, якія шукаюць новай Радзімы.